Сярэдні беларус спрабуе пражыць на 775 рублёў у месяц
Інфляцыя па выніках года ў Беларусі можа скласці каля 10% / www.intex-press.by, фота Таццяны Малеж
Сярэдні беларус у трэцім квартале мог разлічваць на 780 рублёў у месяц. Гэта вынікае са статыстычных звестак пра жыццё хатніх гаспадарак краіны ў 2021 годзе, якія прааналізавалі журналісты banki24.by.
Хатняя гаспадарка — гэта сям'я або чалавек, які жыве асобна. Кожная хатняя гаспадарка валодае пэўнымі рэсурсамі. У асноўным гэта грошы. Па выніках 3 квартала 2021 на грошы прыпадала 95,2% усіх рэсурсаў, крыху больш за 4 % — гэта прадукты з асабістай падсобнай гаспадаркі і менш за адзін працэнт — натуральныя льготы і выплаты.
У выніку атрымалася, што сярэдні беларус мог выдаткаваць на жыццё ў 3 квартале 2021-га ў сярэднім парадку 775 рублёў. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу гэты паказчык вышэйшы — 803 рублі ў месяц, у сельскай мясцовасці — ніжэйшы (681 BYN).
Больш грошай было на жыццё ў мінчукоў (у сярэднім 985 рублёў). Горш за ўсё справы ідуць у Магілёўскай вобласці (628 рублёў). Самыя нізкія заробкі — на Магілёўшчыне, нагадваюць журналісты рэсурсу. Акрамя таго, тут самая нізкая ў краіне гадзінная зарплата і самая высокая працягласць працоўнага часу.
Такое фінансавае становішча жыхароў вобласці звязанае з праблемамі прадпрыемстваў рэгіёну. Па выніках 9 месяцаў каля 23,8% флагманаў Магілёўскай вобласці працавалі ў страту, а яшчэ 43,3% мелі рэнтабельнасць у межах 0-5%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.