Сяргей Чалы аналізуе апраўданні Белнафтахіма наконт падаражання паліва

Сяргей Чалы аналізуе апраўданні Белнафтахіма наконт падаражання паліва

12 жніўня ў Беларусі дзясяты раз ад пачатку года падаражэла аўтамабільнае паліва. Як і ў папярэднія разы ― на 1 капейку. І практычна адначасова з навіной пра чарговае падаражанне Белнафтахім публікуе свае адказы на пытанні, што “задаюць аўтамабілісты на форумах”

Разам з эканамістам Сяргеем Чалым разбіраемся, ці праўду адказвае Белнафтахім на ім жа выбраныя пытанні.

1. “Чаму нашы НПЗ атрымліваюць нафту па нізкім кошце з Расіі, а задзіраюць кошт на паліва вышэй за расійскі?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“На дадзены момант кошт на маторнае паліва ў Беларусі ніжэйшы, чым у суседніх краінах, датуецца нафтаперапрацоўчымі заводамі, якія нясуць страты. Кошт на паліва на беларускіх АЗС павінен перавышаць расійскі за кошт больш далёкага транспартнага пляча паставак нафты”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Тут трэба параўноўваць транспартнае плячо паліва, а не нафты. У нас кошт павінен быць параўнальны з коштам паліва ў памежных з Беларуссю раёнах Расіі ці быць крыху ніжэйшым. Каб было нявыгадна паліва альбо адсюль вывозіць, альбо ездзіць запраўляцца ў Расію. Так што, аргумент пра плячо падыдзе, але да паставак не нафты, а паліва”.

2. Паўсюль нафтаперапрацоўка ― звышпрыбытковы бізнес. Чаму ў нас не так?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“Нашы НПЗ атрымалі страты з-за таго, што кошт паліва на беларускіх АЗС не адпавядае кошту сыравіны, якая вырасла літаральна за некалькі месяцаў на 35 адсоткаў. Цяпер кожны беларускі аўтамабіліст фактычна датуецца на 20-30 капеек на кожным літры паліва ― больш, чым траціцца заводамі на яго вытворчасць!”

Каментарый Сяргея Чалага:

“Адзін з заводаў, хутчэй за ўсё, сапраўды нясе страты, а другі ― блізкі да нулявой рэнтабельнасці. Што да 20-30 капеек, то праверыць гэта мы не можам: структура затрат нам не бачная, бізнес іх не вельмі празрысты ў гэтым плане. Але думаю, што сапраўды датацыя ёсць. Звязана гэта з тым, што паўгода таму быў досыць вялікі рост кошту на нафту”.

3. Чаму аўтамабілісты павінны “складвацца” на мадэрнізацыю НПЗ за кошт павышэння коштаў на паліва?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“У сабекошт бензіну крэдыты, узятыя на мадэрнізацыю, не ўключаюцца. Сваю мадэрнізацыю заводы аплачваюць самі”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Гэта хітрыкі. Наўпрост нібыта і сапраўды затраты на мадэрнізацыю ў кошце паліва не ўлічваюцца. Але ж любая мадэрнізацыя адбываецца за кошт прыбыткаў прадпрыемства, што па выніку трапляе ў графу “затраты”. І таму, калі паглядзець крыху далей, то ўбачым, што ў выніку мадэрнізацыя адбываецца за наш кошт. Але гэта відавочна: у выніку кошт паліва будзе залежаць у тым ліку і ад велічыні затрат на мадэрнізацыю. Пагадзіцца можна толькі з тым, што затраты гэтыя неабходныя, бо і мадэрнізацыя неабходная таксама. Магчыма, яе нават варта было б рабіць хутчэй. Бо з-за падатковага манёўра Расіі выжывуць толькі самыя моцныя заводы з найбольшай глыбінёй перапрацоўкі”.

Сяргей Чалы аналізуе апраўданні Белнафтахіма наконт падаражання паліва
Сяргей Чалы, фота Еўрарадыё

4. Ці праўда, што ў кошце паліва 65% падаткаў?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“У Беларусі падатковы складнік у кошце паліва — а гэта падатак на даданую вартасць, акцызы і іншыя зборы, якія плацяць нашы заводы, — цяпер займае да 40 адсоткаў”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Гэта вельмі складана ацэньваць, бо гэтыя акцызы могуць змяняцца ў залежнасці ад кан’юнктуры на рынку і ад кошту нафты. Увогуле, велічыня акцызу ― гэта велічыня палітычная. Тут важна тое, што гэта велічыня ад НПЗ не залежыць. Але лічба, названая Белнафтахімам, падобная да праўдзівай”.

5. Павышэнне коштаў пойдзе на зарплату работнікам НПЗ і асабліва іх кіраўнікоў?

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“Няпраўда”

Каментарый Сяргея Чалага:

“Думаю, гэтае пытанне яны задалі самі сабе. Што да заробкаў найперш спецыялістаў НПЗ, то яны залежаць ад канкурэнтных прапаноў з Расіі. Бо, калі заробкі ў нас знізяцца, людзі пачнуць задумвацца пра пошук працы за мяжой”.

6. “Чаму цана на нафту змяняецца кожны дзень, а Белнафтахім толькі павышае цэны, не памяншаючы пры зніжэнні кошту нафты?”

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“Як паказвае практыка гэтага года, памяншае. Часта, на жаль, змены валютнага курсу нівеліруюць наша зніжэнне коштаў”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Тут яны кажуць праўду. Так сапраўды было падчас крызісаў 2011 года і далей ― у 2014-16 гадах”.

7. “Чаму кошт бензіну не ўвязваецца з узроўнем даходаў насельніцтва?”

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“Увязваецца”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Не ўвязваецца. Хутчэй, увязваецца з узроўнем эфектыўнасці эканомікі агулам”.

8. “Чаму да гэтага часу не было ніякага механізму залежнасці цаны бензіну ад цаны на нафту?”

Скарочаны адказ Белнафтахіма:

“Механізм такі быў і ёсць. У Расіі прынятае рашэнне аб завяршэнні цягам бліжэйшых гадоў свайго падатковага манеўру. Для Беларусі гэта значыць, з вялікай верагоднасцю, што з 2024 года ў нас будуць сусветныя цэны на нафту і сусветныя цэны на аўтамабільнае паліва. Трэба рыхтавацца да такога ходу падзей”.

Каментарый Сяргея Чалага:

“Сусветныя кошты на нафту будуць. Праўда, я спадзяюся на асабістыя дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным наконт кампенсацыі Беларусі за расійскі падатковы манеўр”.

Слухаць ці спампаваць падкаст размовы ніжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі