Сяргей Далідовіч не будзе ўдзельнічаць у астатніх стартах Алімпіяды
Сёмыя гульні для "народнага" алімпійца Сяргея Далідовіча аказаліся няўдалымі. Як паведаміла Еўрарадыё крыніца з алімпійскай зборнай, "Далідовіч больш не будзе выступаць на гэтых Алімпійскіх гульнях праз праблемы са здароўем".
Далідовіч не быў заяўлены на гонку 15 кіламетраў, беларускія спартоўцы пабеглі без яго. Да гэтага на скіятлоне ў 30 км ён сышоў на 5-м кіламетры праз праблемы з бронхамі.
Магчыма, што праз праблемы са здароўем Сяргей Далідовіч вернецца ў Беларусь да афіцыйнага заканчэння Алімпійскіх гульняў.
Для 44-гадовага Далідовіча гэта былі сёмыя Алімпійскія гульні. Нацыянальны алімпійскі камітэт не хацеў дапускаць яго да ўдзелу ў Гульнях у Пхёнчхане, спасылаючыся на немалады ўзрост спартсмена. Тады лыжнік абвясціў краўдфандынгавую кампанію на платформе Talaka.by, каб сабраць сродкі для ўдзелу ў Алімпіядзе. Кампанія была паспяховай: спартсмен-ветэран сабраў больш за 30 тысяч беларускіх рублёў.
Найлепшым вынікам Далідовіча было 1-е месца на этапе Кубку свету ў 2001 годзе. На мінулай Алімпіядзе ў Сочы ён заняў 5-е месца ў мас-старце, і гэта быў найлепшы алімпійскі вынік за ўсю яго кар’еру.