Сяргей Рыжоў асуджаны на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі
Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме.
Палітыка з Віцебска Сяргея Рыжова асудзілі на шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, перадае Радыё "Свабода". Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Судзілі Рыжова за хуліганскія дзеянні і гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару. Па абодвух абвінавачаннях ён прызнаны вінаватым. Акрамя зняволення Рыжоў павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу — 15 мільёнаў рублёў і пакрыць судовыя выдаткі.
Суд над віцебскім палітыкам пачаўся 25 сакавіка. У першы ж дзень Рыжоў хадайнічаў, каб працэс зрабілі адкрытым. Але суддзя Андрэй Прэйс вырашы, што працэс павінен праходзіць у закрытым рэжыме.
Пад суд Рыжоў трапіў за інцыдэнт, які адбыўся ўвосень 2013 года ў віцебскім выцвярэзніку. Па словах палітыка, там яго збівалі супрацоўнікі-міліцыянты. Тыя ж заявілі, што Рыжоў хуліганіў і не падпарадкоўваўся іх патрабаванням. У выцвярэзніку нібыта адбыўся і сэксуальны эпізод.
Сяргей Рыжоў называе сябе заснавальнікам незарэгістраванай Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі "Белая Русь". У 2010 годзе ён спрабаваў удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі, але не набраў неабходную для вылучэння колькасць галасоў.
Фота — svaboda.org