Сяргея Румаса абралі ганаровым старшынёй Федэрацыі футбола
Прэм'ер-міністр Сяргей Румас абраны ганаровым старшынёй асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Такое рашэнне было прынятае 27 сакавіка на справаздачна-выбарчай канферэнцыі АБФФ, інфармуе БЕЛТА.
Сяргей Румас кіраваў Федэрацыяй футбола з 2011 года. Сёння новым старшынёй быў абраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Базанаў.
Акрамя Румаса ганаровымі старшынямі футбольнай федэрацыі з'яўляюцца Яўген Шунтаў і Генадзь Нявыглас — яны таксама раней кіравалі федэрацыяй.
На канферэнцыі 27 сакавіка быў абраны новы склад выканкама АБФФ, у яго ўвайшоў 21 чалавек. Першым намеснікам кіраўніка футбольнай федэрацыі стаў Юрый Вяргейчык, намеснікамі старшыні — Міхаіл Вяргеенка і Міхаіл Ботнікаў.