Сына трэнера мінскага "Дынама" судзілі за "нецэнзурную лаянку" і дэпартавалі
Дзмітрый і Мікіта Квартальнавы
Мікіта Квартальнаў, сын галоўнага трэнера хакейнага мінскага "Дынама", выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Былі розныя версіі наконт таго, што ж адбылося з хакейным агентам. Па адной з іх, Квартальнаў нібыта кідаўся на гендырэктара клуба Арцёма Каркоцкага, а пасля "некарэктна" паводзіў сябе з міліцыяй.
У гутарцы з sport-express.ru Мікіта Квартальнаў кажа, што ўсе версіі, пра якія пісалі СМІ, "непраўдзівыя". Пры гэтым падрабязнасці справы распавядаць не стаў. Адзначыў толькі, што "не было ніякай бойкі, не было рукапрыкладстваў, было невялікае непаразуменне". Судзілі ж расіяніна па артыкуле "Нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы".
"За мой артыкул звычайна даюць штраф, мне далі практычна максімальны тэрмін. Гэта жорстка, гэта сурова, я такога не чакаў, — прызнаецца хакейны агент. — ...Атрымаў вельмі сур'ёзны жыццёвы ўрок, каласальны стрэс. Ад гэтага трэба трохі адысці".
Мікіта Квартальнаў сядзеў у камеры два на два метры, у ёй адначасова знаходзіліся восем чалавек. Цяпер кажа, што мае патрэбу ў дапамозе псіхолага.
Галоўны трэнер мінскага "Дынама" Дзмітрый Квартальнаў — расійскі спецыяліст. У Беларусі ён працуе з 2023 года. Выратаваць сына ад арышту ў яго не атрымалася. Як і ад дэпартацыі з Беларусі на тры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.