Сёння адзначаецца 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча
26 лістапада адзначаецца 85 гадоў з дня нараджэння славутага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У розных гарадах Беларусі пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных гэтай даце.
Так, у Мінску ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" (прасп. Незалежнасці, 37а) адбудзецца вечарына да дня нараджэння Караткевіча. На ёй, дарэчы, прэзэнтуюць часопіс "Дзеяслоў" №78 з публікацыяй раней не вядомых дзёньнікаў пісьменніка. Пачатак у 18.30, уваход вольны.
У Оршы, на радзіме пісьменніка, адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы Беларускага Саюзу мастакоў "Зямля пад белымі крыламі — 2015", паведамляе Радыё "Свабода". А 16-й гадзіне ў гарадскім цэнтры культуры пачнецца святочны канцэрт, прысвечаны юбілею пісьменніка.
У Гродне ў актавай зале Свята-Пакроўскага сабора (вул. Акадэмічная, 2) 29 лістапада пройдзе мастацкая культурна-асветніцкая вечарына "Уладзімір Караткевіч і хрысціянства".
Юбілей пісьменніка адзначаць і тэлеканалы. Так, СТВ запусціў у эфіры акцыю памяці, у якой беларускія артысты чытаюць урыўкі з твораў Караткевіча. А "Беларусь-3" з 23 лістапада кожны дзень паказвае мастацкія фільмы і спектаклі паводле твораў пісьменніка.