Сёння ў Мінску могуць сустрэцца прадстаўнікі "нармандскай чацвёркі"
Яны займаюцца падрыхтоўкай заўтрашніх перамоваў кіраўнікоў Украіны, Расіі, Нямеччыны і Францыі.
10 лютага ў Мінску можа адбыцца сустрэча прадстаўнікоў краін "нармандскай чацвёркі" — Украіны, Расіі, Нямеччыны і Францыі. Як вядома, перамовы, прысвечаныя пошуку мірнага рашэння сітуацыі на Данбасе, запланаваныя на сераду, 11 лютага. У іх мусяць узяць удзел канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Як інфармуе БелаПАН, які спасылаецца на крыніцу ў пасольстве Расіі, сёння ў Мінску могуць прайсці перамовы на ўзроўні прадстаўнікоў знешнепалітычных ведамстваў чатырох краін. Напярэдадні яны сустракаліся ў Берліне.
Чаму перамовы 11 лютага ў Мінску называюць "Нармандскім фарматам"
Па іншай версіі, у беларускай сталіцы могуць сабрацца памочнікі Парашэнкі, Пуціна, Аланда і Меркель. Аднак афіцыйнага пацверджання пакуль няма.
Эксперт: На перамовах у Мінску 11 лютага будзе прарыў
Нагадаем, у аўторак у Мінску мусіць адбыцца паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ), якая абмяркуе сітуацыю на Данбасе і выкананне ранейшых дамоўленасцяў. У ім возьмуць удзел і прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР".
Сёння з канраляванай баевікамі Горлаўкі быў абстраляны з сістэмы ракетнага агню "Тарнада" галоўны ўкраінскі штаб па правядзенню антатэрарыстычнай аперацыі, якія знаходзіцца ў Краматорску. Снарады патрапілі ў жылыя дамы і на вуліцы. Загінулі 5 чалавек, 26 былі параненыя. Ці паўплывае гэтая трагедыя на правядзенне сённяшніх і заўтрашніх перамоваў, пакуль невядома.
Фота: ria.ru