“Тамагаўкамі” па Ганцавічах: чым скончацца абяцанкі размясціць ядзерную зброю?

“Тамагаўкамі” па Ганцавічах: чым скончацца абяцанкі размясціць ядзерную зброю?

Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі паабяцаў нядаўна кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Падкрэсліваецца, што такі крок магчымы ў выпадку з’яўлення пагрозы ад НАТА.

Што адбываецца ў галовах надзеленых уладай беларускіх чыноўнікаў? Калі так пачынае выказвацца “ветлівая дыпламатыя”, то чаго чакаць ад вайскоўцаў, калі ў іх пад рукой апынецца страшная зброя?

— Трэба звярнуць увагу, што ў дадзеным выпадку Макей выступае ў ролі “кепскага паліцыянта”, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў. — А “добрым паліцыянтам” на мінулым тыдні стала наша Міністэрства абароны. Яно пачало засыпаць заходнія краіны прапановамі аб неадкладных перамовах, нягледзячы ні на якія палітычныя і эпідэміялагічныя ўмовы, дзеля таго, каб разабрацца з тымі праблемамі, якія назапасіліся ў двух бакоў.

29 лістапада Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генераламі называе суседнія краіны НАТА ворагамі. А літаральна 17 снежня Мінабароны называе гэтыя краіны “краінамі пояса добрасуседства, якія занялі канструктыўную пазіцыю”. Пачуйце адрозненне.

Адкуль узяўся такі палітычны кульбіт у адносінах з Захадам — пераход ад ворагаў да “канструктыўшчыкаў”?

— Можа, у Мінску зразумелі, што пазіцыя Масквы такая, што лепш трымацца далей ад яе, — разважае Андрэй Паротнікаў. — Калі пачалося дэманстратыўнае збліжэнне пасля жніўня 2020 года, то пазіцыя Масквы, з пункту гледжання менавіта мілітарнай бяспекі ў рэгіёне, хутчэй, была накіравана на дээскалацыю. Нейкія дэманстратыўныя дзеянні яны прадпрымалі, рабілі заявы. Але пры гэтым практычныя дзеянні былі накіраваныя, хутчэй, на дээскалацыю. Былі ўсталяваныя кантакты з заходнім вайсковым кіраўніцтвам, былі кантакты на ўзроўні спецыяльных службаў. Хачу звярнуць увагу, што той жа старшыня расійскай Службы знешняй выведкі заяўляў неаднаразова аб цікаўнасці да супрацоўніцтва з ЦРУ. Уявіце, што, напрыклад, савецкі КДБ заяўляе аб жаданні пасупрацоўнічаць з ЦРУ ў 1979 годзе. Гэта ж немагчыма ўявіць нават.

“Тамагаўкамі” па Ганцавічах: чым скончацца абяцанкі размясціць ядзерную зброю?
Лагатыпы Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША / cia.gov

— А зараз аказалася так, што паводзіны Крамля становяцца абсалютна непрадказальнымі, — працягвае аналітык. — Відавочна, што ў Мінску асаблівай інфармацыі адносна расійскіх стратэгічных планаў няма і яны [Мінск. — Еўрарадыё] зразумелі, што могуць трапіць пад раздачу і гэта ўжо будзе сур’ёзна. Гэта не будуць смешныя санкцыі, якія то ўводзяць, то не ўводзяць. Усё будзе па-даросламу. Тут можна і “Тамагаўкам” па галаве атрымаць. А гэтага не хочацца.

Калі “Тамагаўкі” ўсё ж загудуць каля мяжы Беларусі, то ці ёсць надзея ў беларусаў на ваенны нейтралітэт пасля гучных заяў чыноўнікаў?

— Калі пачнецца рэальная вайсковая канфрантацыя ў рэгіёне паміж Расіяй і Захадам, то ніхто не будзе глядзець на так званы сітуацыйны нейтралітэт Беларусі, — дае несуцяшальны прагноз Андрэй Паротнікаў. — На Беларусі ёсць два расійскія стратэгічныя аб’екты, якія будць вельмі важнымі дзеля таго, каб іх нейтралізаваць. Гэта сувязь у Вілейцы, якая забяспечвае расійскі флот у Паўночнай Атлантыцы — у тым ліку і падводныя лодкі з ядзерным узбраеннем на борце. І таксама гэта станцыя папярэджання аб ракетным нападзе ў Ганцавічах. Пры любым вайсковым сутыкненні гэтыя аб’екты будуць знішчаныя ў першыя хвіліны. Тут нават не павінна быць ніякіх сумненняў. І калі беларускі бок паспрабуе перашкодзіць гэтаму, то будзе знішчана і тое, што паспрабуе перашкодзіць.

З пункту гледжання заходніх генералаў, Беларусь заўсёды разглядалася як частка расійскай вайсковай інфраструктуры. Але раней гэтыя вайсковыя падыходы можна была неяк нейтралізаваць палітычнымі інструментамі. Шмат у якіх палітыкаў і экспертаў была іншая пазіцыя, а зараз ёсць поўны кансэнсус. Беларусь — гэта частка расійскай машыны, гэта проксі Крамля, размаўляць з імі няма аб чым. І гэта адбылося, уласна кажучы, дзякуючы беларускаму рэжыму, — падсумоўвае аналітык.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі