Тамковіч будзе расплачвацца 119 гадоў

119 гадоў журналісту Аляксандру Тамковічу давядзецца расплачвацца з дэпутатам Савета Рэспублікі Мікалаем Чаргінцом. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі падаў судовы пазоў на супрацоўніка газеты “Новы час”, у якім патрабуе ад спадара Тамковіча выплаты маральнай кампенсацыі ў 100 мільёнаў рублёў, а ад самаго выдання – 500 мільёнаў. Чаргінца найбольш абразілі згадкі пра “віцебскую” справу, адказнасці за хібы якой ён нібыта пазбег, паехаўшы ў Афганістан. Таксама не спадабалася дэпутату сцвярджэнне, нібыта ён карыстаецца працай “літаратурных нявольнікаў”.

Мікалай Чаргінец: “Усё на сто працэнтаў брахня, паклёп, спроба мяне зганьбаваць. З боку былога афіцэра, які піша, не ведаючы, што такое Афган”.

Аднак сам аўтар матэрыялу кажа, што калі звесткі і не адпавядаюць рэчаіснасці, то вінаваты ў гэтым перш за ўсё спадар Чаргінец, бо ўсё напісанае было ўзята з афіцыйнага сайта дэпутата.

Аляксандр Тамковіч: “Я ж не вінаваты, што ён там сапраўднае глупства піша. Напрыклад, пра тое, як камандуючы дэсантнай дывізіяй Павел Грачоў ратаваў яго з акружэння на танку. З гэтай фразы потым усе дэсантнікі смяяліся, таму што ў дэсантнай дывізіі па штаце танкаў проста няма”.

Асаблівых ілюзіяў наконт беларускага правасуддзя Аляксандр Тамковіч не мае. І хутчэй за ўсё яму давядзецца выплачваць кампенсацыю з уласнай пенсіі па інваліднасці. На гэта, па яго падліках, пойдзе 119 гадоў.

“Калі яны будуць 119 гадоў адлічваць, калі ласка. Калі яны такія аптымісты вялікія”.

Па словах спадара Тамковіча, Мікалай Чаргінец назваў яго неадэкватным. У размове ж з Еўрарадыё спадар Чаргінец ужо казаў пра журналіста як пра цалкам адэкватнага чалавека, хаця зважаць на тое, што Аляксандр Тамковіч інвалід, не збіраецца:

“Калі б ён быў псіхічна хворым, я б мог зразумець. Галава-то ў яго здаровая. Я прад’яўляю прэтэнзіі да галавы”.

Журналіст мяркуе падаць пазоў у адказ. Рэдактар “Новага часу” Аляксей Кароль таксама ўпэўнены, што суд яны прайграюць. Дзе ўзяць грошы, ведае:

“У мяне таксама ёсць на адну бальшавіцкую газяцёнку матэрыялы, дзе яны мяне абразілі. Я ім такую ж позву выстаўлю. І ўсё. І кампенсую”.

Чаргінец, у сваю чаргу, ведае, як распарадзіцца грашыма – аддасць іх псіхіятрычным лякарням. 5 студзеня, у дзень, на які прызначаны суд, мы даведаемся, ці атрымаюць беларускія вар’ятні 600 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі