Танных авіябілетаў пакуль не будзе? У красавіку ў Мінску чакалі першы лаўкостар
WizzAir планаваў з красавіка пачаць палёты ў Беларусь / БЕЛТА
Лаўкостар з Венгрыі — авіякампанія WizzAir — планаваў пачаць палёты ў Беларусь з красавіка, але з-за пандэміі старт праекта давялося адкласці, перадае агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на начальніка аддзела маркетынгу і развіцця авіяцыйных перавозак Нацыянальнага аэрапорта "Мінск" Аксану Цярэшчанка.
"Думаю, як толькі дазволіць сітуацыя, WizzAir пачне палёты з Беларусі. У іх ёсць такое жаданне", — адзначыла яна.
Прадстаўніца аэрапорта нагадала, што перамовы аб палётах WizzAir ў Беларусь вяліся на працягу амаль паўтара года і ўсе неабходныя ўмовы ўжо былі ўзгодненыя. На пытанне пра перспектывы прыходу на беларускі рынак іншага лаўкостара — ірландскай авіякампаніі Ryanair — Аксана Цярэшчанка сказала, што гэта пакуль малаверагодна. Ва ўсялякім выпадку перамоў на гэтую тэму пакуль не было.
"Ryanair патрэбныя стабільныя напрамкі з вялікім пасажырапатокам з кропкі ў кропку. Аднак наш аэрапорт прытрымліваецца хабавай мадэлі", — патлумачыла яна.
Большасць еўрапейскіх краін для грамадзян Беларусі па-ранейшаму зачыненыя з-за абмежаванняў, уведзеных у сувязі з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.