Тэлеканал АНТ зняў з эфіру прапагандысцкі фільм “Крым”
Тэлеканал АНТ зняў з эфіру прапагандысцкі фільм “Крым” пра гісторыю кахання на фоне акупацыі паўвострава вясной 2014 года. Гэтую карціну паказваў расійскі Першы канал, але ў Беларусі яе “перакрылі”.
Як піша “Наша Ніва”, спачатку “Крым” фігураваў у праграме перадачаў АНТ і мусіў выйсці 17 сакавіка ў 23.50. Аднак без тлумачэння прычын прапагандысцкі фільм быў зняты з беларускага эфіру і замест яго паказалі савецкі фільм “Гары, гары, мая зорка”.
У ліпені 2017 года пасольства Украіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту ў сувязі з тым, што трэйлер “Крыма” круцяць у кінатэатрах. Фільм так і не быў паказаны ў беларускім пракаце.
Кінастужка «Крым» мае рэйтынг 4.00 на сусветным сэрвісе IMDb і 3.035 на расійскім “Кінапошуку”. Гэта гранічна нізкія рэйтынгі, якія азначаюць, што фільм правальны.