Тлумачыў, што любіць хакей, але атрымаў 15 сутак праз сцяг Канады ў акне

За гэты сцяг гаспадар кватэры атрымаў 15 сутак / Еўрарадыё​
За гэты сцяг гаспадар кватэры атрымаў 15 сутак / Еўрарадыё​

Сяргей і Алеся — маладая сямейная пара, жывуць у Цэнтральным раёне Мінска. У жніўні яны вывесілі ў акне сваёй кватэры БЧБ-сцяг. Ён пратрымаўся там да снежня — менавіта тады пасыпаліся навіны пра тое, што ўлады вырашылі караць за сцягі ў вокнах як за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Пара вырашыла абысці сістэму: зняла БЧБ-сцяг, пакінула "Пагоню", а побач вывесіла іншы бела-чырвоны сцяг — канадскі. Але сілавікі вырашылі, што так таксама нельга. І пачалі рэагаваць:

— У снежні нам сталі тэлефанаваць участковыя, прыходзіць пад вокны "ціхары". Прасілі, каб мы знялі сцяг і "Пагоню". Мы ім тлумачылі, што гэта сцяг Канады, а яны казалі: "Зняць".

Вынік — Сяргей атрымаў 15 сутак за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі. Сцяг сілавікі забралі з сабой.

— Быў выпадак у пачатку студзеня ці лютага: мужа падлавілі каля дома, пасадзілі ў аўто ціхары і ўчастковы, завезлі ў РУУС. І ўчастковы пісаў тлумачальную на тэму, чаму ў нас вісяць на акне канадскі сцяг і "Пагоня", — працягвае Алеся. — Муж растлумачыў гэта тым, што ў студзені праходзіў моладзевы чэмпіянат па хакеі і ён хварэе за зборную Канады, таму і вывесіў канадскі сцяг. А "Пагоня" — гэта для дэкаравання акна. І "Пагоня" гэта гісторыка-культурная каштоўнасць.

Объяснял, что любит хоккей, но получил 15 суток из-за флага Канады в окне
Такі набор сцягоў быў да снежня / Еўрарадыё

Нікога гэта не пераканала, і праз некалькі тыдняў Сяргей стаў удзельнікам падзей, якія, здаецца, ужо нікога ў Беларусі не здзіўляюць. Спачатку з міліцыі пазванілі на тэлефон і пацікавіліся, калі мужчына будзе дома. Потым у дзвярны званок пазванілі невядомыя. Калі ім не адчынілі, прыйшоў участковы. З яго дапамогай сілавікі трапілі ў кватэру Алесі і Сяргея.

Алеся расказвае, што мужа забралі з кватэры разам са сцягам.

— Яны разам паехалі ў РУУС. Атрымліваецца, арыштавалі абодвух.

У РУУС дзяўчыне сказалі, што суд будзе праз суткі. Яна стала шукаць адваката, а ў абед наступнага дня патэлефанавала ў міліцыю. Там сказалі, што суд ужо прайшоў.

Адвакатка спатрэбілася для таго, каб схадзіць у канцылярыю суда і атрымаць пратакол судовага пасяджэння. Тады высветлілася, што фармальна арыштам Сяргея пакаралі не за канадскі сцяг у акне, а за непадпарадкаванне законным распараджэнням супрацоўніка ОУС. Алеся лічыць, што справа сфабрыкаваная.

— Як я зразумела, яму там напісалі ў пратаколе, што ён добраахвотна дома апрануўся, сеў у машыну супрацоўнікаў, а потым ужо як быццам бы каля РУУС адмовіўся выходзіць з яе, упіраўся нагамі і хапаўся за іх форму. За гэта яго і пасадзілі на 15 сутак.

Цяпер дзяўчына збірае перадачу, якую паспрабуе перадаць у сераду.

— Мы разумеем, што павесіць сцяг — усякі, нават сцяг Канады, — гэта пэўная пазіцыя. Але ўсё роўна не былі гатовыя да затрымання на сто адсоткаў. Тым людзям, якія рызыкуюць, як мы, я б параіла загадзя наняць адваката. Калі б у нас быў адвакат не праз суткі, а раней, то ён бы ўжо ноччу паехаў. І магчыма, у нас быў бы суд са сведкамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі