Мужчыну затрымалі за "несанкцыянаванае пікетаванне" ў прыёмным пакоі бальніцы

Сілавікі палююць на татуіроўкі з "Пагоняй"

Сілавікі палююць на татуіроўкі з "Пагоняй" / Euroradio

У Мінску мужчыну затрымалі за "несанкцыянаванае пікетаванне" ў прыёмным пакоі бальніцы № 5. На яго назе ўбачылі татуіроўку з гербам "Пагоня", піша "Зеркало".

Здарылася гэта 22 траўня. На наступны дзень у судзе затрыманы растлумачыў, што "ніякіх грамадска-палітычных мэтаў не меў", а проста быў апрануты ў майку і шорты, бо яму было горача. Міліцыянеры ж пабачылі ў гэтым дэманстрацыю "навакольным грамадзянам размешчаную на правай ікраножнай цягліцы татуіроўкі ў выглядзе герба "Пагоня". А значыць "парушыў парадак правядзення пікетавання". У выніку мужчына быў асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Сілавікі вядуць змаганне супраць "Пагоні", якая ў 1990-я была дзяржаўным гербам Беларусі. У Мінскім раёне міліцыя знайшла два герба "Пагоня" ў бел-чырвона-белых колерах на пярэдняй рамцы рэгістрацыйнага знака аўтамабіля. Падобны выпадак быў у Кобрыне. А жыхара Бярозы адправілі за краты за вымпел з "Пагоняй", які быў у яго аўтамабілі.

Мінулым летам будаўніка арыштавалі за татуіроўку з "Пагоняй" ("пікет у сацсетках"), восенню за сцяжок з гербам "Пагоня" затрымалі трактарыста, за налепкі — заўзятараў хакейнага клуба "Магілёў", за бірульку на сумцы — мужчыну на мяжы. У канцы мінулага года жыхара Ганцавіцкага раёна асудзілі на 10 сутак за налепку з "Пагоняй", якую знайшлі ў шафе ў кнізе. Сёлета ў Камянецкай вежы прыбралі сцяг з "Пагоняй".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі