Мужчыну асудзілі на 10 сутак за налепку з "Пагоняй", якую знайшлі ў шафе ў кнізе
"Крамольную" налепку знайшлі ў адной з кніг
Жыхара аграгарадка Люсіна Ганцавіцкага раёна Уладзіміра Рылко асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе @MAYDAYMog. У кастрычніку ў яго прыватным доме прайшоў ператрус. У дзіцячым пакоі ў шафе ў кнізе "Ісус і Яго час" сілавікі знайшлі шэсць старых налепак. На пяці з іх была выява чырвонага крыла са словам "Свабода", на шостай — герб "Пагоня". Менавіта з-за апошняй і ўзніклі прэтэнзіі да гаспадара дома.
Мужчына патлумачыў у судзе, што гэтыя налепкі знаходзіліся ў яго яшчэ з 2005 года, калі іх яму ўкінулі ў паштовую скрыню. Пасля гэтага з імі гулялі нейкі час дзеці, затым яны апынуліся ў кнізе і засталіся забытыя. Старшыню суда Ганцавіцкага раёна Аксану Зоткіну, якая вяла працэс, такое тлумачэнне не задаволіла. На яе думку, Рылко вінаваты ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.