Толькі на фарбаванне сышло гадзін 8 — спынены ДАІ Аватар аб працы над вобразам
Для стварэння вобраза Максім пагаліў галаву, пакінуў толькі іракез / прэс-служба УДАІ Мінска
Як апынуўся нецвярозым за рулём у касцюме героя з фільма "Аватар", мінчук расказаў журналістам Onliner.
Пра мужчыну напярэдадні распавяла мінская ДАІ. Яго "Рэно" спынілі на праспекце Незалежнасці. Інспектары вельмі здзівіліся, калі ўбачылі за рулём Аватара. У яго праверылі дакументы... і наяўнасць алкаголю ў крыві. Высветлілася, што кіроўца нецвярозы. Быў складзены пратакол.
Мужчыну завуць Максім. І з інспектарамі ён кантактаваў, калі ўжо ехаў з вечарынкі, на якой праходзіў конкурс на лепшы касцюм. Разыгрывалася Sony PlayStation 5. І Максім вельмі хацеў паўдзельнічаць.
"На адно толькі фарбаванне ў мяне сышло 8 гадзін", — распавёў ён. Максім таксама пагаліў галаву, пакінуў толькі іракез. У вочы ўставіў жоўтыя лінзы, але пранасіў іх больш за дазволены час. Цяпер мае праблемы з вачыма.
Але галоўная непрыемнасць у тым, што Максім так старанна і доўга рыхтаваўся, што спазніўся да пачатку конкурсу. У выніку да ўдзелу яго не дапусцілі, хоць і ўручылі суцяшальны прыз.
Максім засмуціўся, выпіў і сеў за руль. Якое пакаранне яго чакае, стане вядома заўтра — пасля разбору яго адміністрацыйнага пратакола ў ДАІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.