Толькі ўзмацненне санкцый можа вызваліць людзей — былы палітвязень
У Беларусі на 10 лютага — 1442 прызнаныя палітвязні / flickr.com
Вызваліць палітвязняў у Беларусі можна толькі максімальна ўзмацняючы санкцыі, упэўнены блогер, вядоўца ютуб-канала "Народны рэпарцёр", экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў.
Такое меркаванне ён выказаў у эфіры Еўрарадыё. Мы даведаліся, чаму гандлявацца людзьмі — дрэнная ідэя і што думаюць палітвязні пра варыянты вызвалення.
Аляксандра Кабанава пакаралі ў Беларусі трыма гадамі турмы, абвінаваціўшы ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, а таксама ў абразе прадстаўніка ўлады. 17 снежня 2022 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Аляксандр кажа, што ўсе ў турме, вядома, жывуць марай хутчэй выйсці, але ў выніку гандлю і зняцця санкцый гэтага не здарыцца.
— Не веру, што гэта адбудзецца. Санкцыі накладзеныя на Беларусь не праз палітычных [зняволеных — Еўрарадыё]. Не таму, што людзі сядзяць у турме. Таму іх і не здымуць. І я выдатна разумею людзей, якія напісалі гэты ліст [зварот блізкіх палітвязняў да сусветных палітыкаў з просьбай дапамагчы. — Еўрарадыё], але гэта не адыграе ніякай ролі.
Другое, з нагоды грошай. Гэта чыста маральны аспект. Гэта значыць, мы ў Беларусі адкрываем лавачку па гандлі людзьмі. Ёсць праблемы ў бюджэце — чаму б не зарабіць? Давайце яшчэ 200-300 чалавек арыштуем і таксама іх прададзім потым. Таму я не думаю, што гэта спрацуе. І не думаю, што пра гэта нават будзе нехта весці перамовы. Не ўпэўнены, што ёсць людзі, гатовыя прыехаць да Лукашэнкі і сказаць: "Слухай, мы табе прывезлі тры валізкі грошай, выпускай людзей". На гэта ніхто з еўрапейскіх палітыкаў не пойдзе.
Адзіны спосаб дапамагчы палітвязням — узмацняць санкцыі, перакананы суразмоўца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.