Траціну адлоўленых жывёл адразу адпраўляюць на ўсыпленне
Дзяржаўнае прадпрыемства "Фаўна горада" на харчаванне сабакі выдаткоўвае каля 4 рублёў у дзень, ката — каля 1 рубля. У Мінску жывёл не адстрэльваюць. Калі адлоўліваюць, іх могуць "знерухоміць", а калі знішчаюць — усыпляюць.
Пункт часовага ўтрымання размяшчаецца на Гурскага, 42. Будынак наводшыбе, жылыя дамы толькі праз дарогу. Калі ідзеш па дарозе да яго, то злева пустка, а справа будоўля і рэшткі старога яблыневага саду. Восеньскі вецер рве лістоту з яблынь і нясе ў бок прыёмніка.
Сабачы брэх чутны здалёку, ён няўстойлівы, але моцны. Даносіцца з крытага вялізнага вальера, дзе трымаюць сабак.
Унутры будынка цяжкі жывёльны пах, пах абеззаражвальных сродкаў, лёгкая волкасць — гама пахаў адразу б'е ў галаву. Тут цяжка знаходзіцца, а яшчэ цяжэй, напэўна, працаваць. У першую чаргу гэта месца нагадвае шпіталь. Памяшканнямі, атмасферай, пахамі, працаўнікамі ў белых халатах.
У вальеры сонечна, зялёныя кратаваныя клеткі, драўляныя будкі, міскі. Усе брэшуць, рэха памяшкання шматкроць узмацняе сабачы брэх. Тут трымаюць дарослых сабак і шчанюкоў пасля каранціну. Некаторыя сабакі, якія прыбылі сюды яшчэ шчанюкамі, выраслі тут, да гэтага часу нікім не ўзятыя.
"Сёння адлоў прывёз 30 катоў з тэрыторыі завода Кірава. Пакінулі двух. Аднаго забрала "апякунка". Астатніх усыпілі. Калі нехта да гэтага часу чагосьці чакае, не чакайце. Ратуйце", — такі запіс з’явіўся у пабліку "Гурскага, 42", які вядуць валанцёры, што працуюць у пункце часовага ўтрымання жывёл.
Дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства "Фаўна Горада" Тамара Уладзіміраўна Царыкоўская хутка распавядае, у якім становішчы іх часовы пункт утрымання:
"Цяпер у нас 81 сабака. З сабакамі звычайна заўсёды роўная сітуацыя, няма нейкіх рэзкіх усплёскаў, прыкладна аднолькавая колькасць незалежна ад сезону".
У каранціне сядзяць шэсць тойтэр'ераў, злосных, маленькіх, якія незразумела ад чаго больш калоцяцца — ад страху перад намі ці ад маленькай бурлівай злосці. Яны належалі жанчыне, якая з'ехала адпачыць у псіхіятрычную лякарню, а сваяк здаў гэтую шасцёрку ў прыёмнік.
У іншых пакоях каты. Цяпер іх тут 65. Шмат якіх сёння забяруць валанцёры, нехта — да сябе назаўсёды, нехта — на ператрымку, для лячэння і догляду. Частку жывёл забіраюць людзі праз групы ў сацсетках. Але з катамі больш складаная сітуацыя, чым з сабакамі, усё залежыць ад сезона. Напрыклад, у студзені ў прыёмнік могуць прывезці 25 катоў за месяц, а ў ліпені-жніўні — 300.
"Каля 30 адсоткаў мы ўсыпілі, астатніх трымаем у сябе і раздаём людзям. У нас на прыёмцы адбываецца агляд жывёл, якія паступаюць. Калі яны хворыя, мы іх не прымаем, таму што не зможам адлучыць ад астатніх, усе заразяцца, — праглядае статыстыку Тамара Уладзіміраўна. — Але з тых, каго мы бяром, у чэрвені ўсыпілі аднаго ката, у красавіку-траўні нікога не ўсыплялі. У сакавіку ўсыпілі пяць сабак, нешта там здарылася з імі".
У пункце часовага ўтрымання гавораць, што не бачаць сэнсу ў тым, каб усыпляць здаровых жывёл: "На тых, якія ўжо да нас трапілі, мы патрацілі грошы, час, лекі, таму стараемся іх не ўсыпляць. Не бачым у гэтым сэнсу. У нас ёсць сабакі, якія і па тры, і па чатыры месяцы ў нас жывуць".
Шчанюкі пачынаюць скуголіць, калі ты заходзіш у пакой, дзе яны ўтрымліваюцца, падбягаюць да дзвярэй клеткі, устаюць на заднія лапкі, з мілымі голенькімі пузікамі, ліжуць руку. Не ўсіх з іх шчанятамі забяруць дадому людзі, хтосьці тут вырасце, а можа, нават і памрэ.
"Ёсць жыхары, якія вельмі хочуць, каб былі жывёлы ў іх доме, а іншыя не хочуць, адбываецца канфлікт інтарэсаў. Сітуацыя падыходзіць да таго, што за кожным домам будзе замацаваны нейкі апякун, які будзе апекаваць мясцовых жывёл, лячыць іх, стэрылізаваць, каб неяк кантраляваць размнажэнне, — распавядае пра найбліжэйшыя планы дырэктарка. — Зразумела, што каты не сабакі, яны наўрад ці каго-небудзь пакусаюць, калі да іх не чапляцца, але калі няма належнага догляду, гэта будзе бескантрольнае размнажэнне ў геаметрычнай прагрэсіі і разнясенне хвароб".
У заахоўным таварыстве "Эгіда" ўпэўненыя, што шмат з тых, каго адпраўляюць на эўтаназію, можна было б вылечыць, але ў прыёмніка няма на гэта ні магчымасцяў, ні месца:
"Калі жывёла паступае з нейкімі сімптомамі, яе сапраўды ўсыпляюць. Часцей за ўсё ў такіх месцах дзейнічаюць па службовай інструкцыі, якая даволі жорсткая. Напрыклад, калі ў жывёлы мікраспарыя, якая лечыцца досыць лёгка і паспяхова, тое самае з банальнай прастудай. Але там ніхто асабліва не разбіраецца, і жывёл адразу адпраўляюць на эўтаназію, — распавядае старшыня таварыства "Эгіда" Вераніка Ханцэвіч. — Таксама калі ў клетках не хапае месца, то альбо ўсыпляюць новых, альбо кагосьці са “старых”. Таму што проста фізічна іх няма дзе размясціць".
У Мінску за 2014 год адлавілі чатыры тысячы бяздомных жывёл. Яшчэ ад тысячы катоў і 700 сабак адмаўляюцца самі гаспадары. Усыпілі з іх 129.