Трактарысты скралі мужчыну і вазілі яго ў багажніку аўтамабіля

У вёсцы Старая Руда Гродзенскага раёна два 19-гадовых трактарыста скралі 37-гадовага мужчыну. Здарылася гэта пасля таго, як маладыя людзі ўжывалі спіртныя напоі. Ім раптам захацелася паквітацца з вяскоўцам за старыя крыўды. Яны пасадзілі за руль аўтамабіля цвярозага знаёмага ды паехалі да мужчыны. Яго схапілі і запіхнулі ў багажнік.

Неўзабаве зламыснікаў затрымала міліцыя. П'яныя трактарысты не змаглі патлумачыць свае дзеянні. Распачатая крымінальная справа, інфармуе прэс-служба міліцыі Гродзенскай вобласці.

Адзначым, што на Гродзеншчыне апошнім часам адбылося ўжо некалькі выпадкаў, калі людзей вазілі ў багажніку аўтамабіля. У снежні мінулага года гродзенца вазілі ў багажніку, каб выпытаць у яго інфармацыю. А ў пачатку студзеня сёлета зламыснікі збілі 42-гадовага мужчыну ў Ваўкавыску, потым засунулі яго ў багажнік і каталіся з ім больш за 10 гадзін, пакуль іх не затрымалі ўжо ў Слоніме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі