Транспартны падатак: за рамонт дарог заплацяць не прадпрыемствы, а кіроўцы

“14 лістапада адбываецца пасяджэнне дзвюх камісій Палаты прадстаўнікоў: Камісіі па бюджэце і фінансах з Камісіяй па эканамічнай палітыцы. Туды будуць запрошаныя кіраўнікі трох міністэрстваў: па падатках і зборах, фінансаў і эканомікі. І будуць узнятыя розныя пытанні, у тым ліку — як вы назвалі — нейкай пошліны”.

Дэпутат Ілля Мурашка — сябра Камісіі па бюджэце і фінансах — у размове з Еўрарадыё не хоча пацвярджаць намераў уладаў абкласці кіроўцаў “дарожным падаткам”. Але дакументы, што ўводзяць пошліну “за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху”, ужо паступілі ў парламент. Пра гэта Еўрарадыё распавядае калега Іллі Мурашкі па камісіі, дэпутат Аляксандр Мякіннік:

“Я яго [праект закона. — Еўрарадыё] бачыў. Але казаць па ім нічога не буду. У нас па ім яшчэ вельмі шмат абмеркаванняў ідзе. Але я яго бачыў, так”.

Пра што так не хочуць распавядаць дэпутаты? Паводле звестак Еўрарадыё, пошліна будзе складаць ад 130 тысяч да 3,25 мільёна рублёў (1-25 базавых велічыняў). Сярод крытэрыяў, па якіх будзе вызначацца памер збору, называюць тып і вагу аўто, а таксама яго прыналежнасць фізічнай або юрыдычнай асобе.

“Для самай распаўсюджанай катэгорыі аўтамабіляў — легкавыя, вагой 1-2 тоны, ва ўласнасці фізічных асобаў — пошліна складзе ад 3 да 5 базавых велічыняў [390-650 тысяч рублёў. — Еўрарадыё], — распавядаюць Еўрарадыё ў Міністэрстве фінансаў. — Плануецца, што памер пошліны будзе вызначацца падчас тэхагляду. Але гэта абмяркоўваецца, да пэўнасці мы яшчэ не прыйшлі”.

Цікава, што транспартны збор, які спаганяецца ў Расіі, залежыць ад магутнасці рухавіка: да 100 конскіх сілаў — адна сума, ад 100 да 125 — іншая, і гэтак далей. Да таго ж, памер збору розны ў розных рэгіёнах РФ: у Маскве ён амаль удвая меншы, чым у Санкт-Пецярбургу.

А ў нас — іншыя крытэры. У Мінфіне кажуць, што адштурхоўваліся ад досведу еўрапейскіх краінаў. А на думку Іллі Мурашкі, прывязка да “коняў” пад капотам адкрывае магчымасці для маніпуляцый:

“У асноўным, ад якой магутнасці пачынаюцца машыны бізнес-класа? 105 конскіх сіл, нешта такое. Пошліна да ста конскіх сіл адна, а вышэй за сто — зусім іншая! А розніца ўсяго ў пяць адзінак”.

Дэпутат тлумачыць Еўрарадыё, што новая пошліна неабходная не праз дзірку ў бюджэце, а праз дзіркі ў дарожным пакрыцці. За апошні тыдзень працы ў выбарчай акрузе ён сутыкнуўся з вялікай колькасцю скаргаў на стан дарог.

Ілля Мурашка: “Пытанне пра ўкамплектаванне даходнай часткі бюджэту не ідзе — ідзе пытанне пра захаванне дарог. А таксама пра тое, каб грошы, сабраныя на рамонт дарог, мэтава накіраваць менавіта туды. Раней быў дарожны фонд, што складаўся з падатку, які плацілі прадпрыемствы. Але для таго, каб зняць нагрузку з прадпрыемстваў, было прынятае рашэнне сысці ад дарожнага фонду”.

Сапраўды, словазлучэння “дарожны фонд” у сёлетнім бюджэце не знойдзеш. Грошы на “дарожную гаспадарку” вылучаюцца асобным артыкулам бюджэту, крыніцы фінансавання якога не прапісаныя.

“Раней існаваў мэтавы дарожны фонд, у якога былі дзве асноўныя крыніцы фінансавання, — тлумачыць Еўрарадыё крыніца ў “Белаўтадары”. — Першы — гэта падатак з карыстальнікаў аўтамабільных дарог. Гэта быў абаротны падатак з юрыдычных асобаў. Другі — акцызы на паліва”.

Акцызы пасля адмены дарожнага фонду пералічаюцца непасрэдна ў бюджэт, як і іншыя падаткі. Але вось прыйшоў час “зняць нагрузку з прадпрыемстваў”. Калі прапанаваныя Мінфінам папраўкі ў Падатковы кодэкс пройдуць, плаціць за рамонт дарог будуць кіроўцы.

Ілля Мурашка кажа, што падатак з аўтааматараў — гэта толькі адзін з варыянтаў. Сам дэпутат, хаця і кіруе аўтамабілем, не супраць ідэі пошліны:

“Я як грамадзянін гатовы плаціць за ўсё. Напрыклад, за добра аказаную мне паслугу. Я падтрымаў бы ідэю дарожнага фонду, але з крыніцамі яго напаўнення трэба яшчэ разабрацца. Дарогі неабходна рабіць. А для гэтага патрэбныя сродкі”.

У 2013 годзе на дарожную гаспадарку з бюджэту выдаткоўваецца 2,3 трыльёна рублёў. У наступным годзе з 3,8 мільёна беларускіх аўтааматараў улады могуць сабраць істотна болей. Прыкладна 3,1 мільёна аўтамабіляў у Беларусі — легкавыя. Калі ўзяць сярэднія лічбы (4 базавыя велічыні з легкавіка і 15 базавых велічыняў з грузавіка), атрымаецца 1,6 і 1,3 трыльёна рублёў адпаведна. У суме — 2,9 трыльёна. Плюс акцызы на паліва і фінансаванне з іншых, менш значных крыніцаў.

Фота: www.yuga.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі