Трэнера беларускай медалісткі не пусцілі ў Пекін з-за допінгавага скандалу

Бронзавая медалістка Алімпіяды штангістка Анастасія Новікава, якая на дадзены момант заваявала адзіны медаль для беларускай каманды, прэтэндавала на большае. На яе думку, на выступленні негатыўна адбіўся той факт, што яе асабістага трэнера адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе, з-за чаго ён не прыехаў у Пекін.
Еўрарадыё датэлефанавалася да Віктара Шылая, трэнера Анастасіі Новікавай. Выступленне сваёй выхаванкі ён глядзеў па тэлевізары. Як і сама спартсменка, трэнер упэўнены — калі б ён быў побач з ёй, прыступка п’едэстала магла быць вышэй.

“Я думаю, што калі б я быў там, то ўсё было б іначай. Перш за ўсё, гэта выяўляецца ў тым, што спартсменка працуе са мной на працягу многіх гадоў. Я кіраваў працэсам, я яе выводзіў, я яе трэніраваў. Я ведаю яе слабыя і моцныя бакі. Як яна мяне адчувае, калі я ў зале, так і я яе. Мы толькі позіркамі сышліся — і яна разумее, што ёй патрэбна рабіць!”

Яшчэ адна беларуская штангістка Ірына Кулеша, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 75 кг, раней таксама трэніравалася ў В.Шылая. Ён дапамагаў ёй і падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды. На памост яна выйдзе ў пятніцу.

Нагадаю, сёлета ў лютым Віктара Шылая, які быў галоўным трэнерам жаночай зборнай па штанзе, знялі з займаемай пасады і адхілілі ад удзелу ў Алімпіядзе з-за допінгавага скандалу. Пасля чэмпіянату краіны за ўжыванне недазволеных прэпаратаў дыскваліфікавалі адразу чатырох штангістак.

Сам Віктар Шылай не лічыць сябе вінаватым у допінгавым скандале. На яго думку, яго адстаўка была некаму выгадная.

“Ва ўсіх гэтых допінгавых справах ніводзін спартсмен не ўказаў, што я некаму нешта даваў. А па другое, ёсць норма закона Сусветнага антыдопінгавага агенцтва, паводле якой за ўсе допінгавыя пытанні адказвае сам спартсмен”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі