Trubetskoy: першы вялікі сольнік у Мінску з трубамі, Noize MC і Лігалайзам

Гурт Trubetskoy, які ў верасні мінулага года ўтварыўся на аскепках былога "Ляпіса Трубяцкога" адыграў першы вялікі сольнік у Мінску. На сцэне сталічнага Prime Hall выступ каманды, якую былы паплечнік Сяргей Міхалок упарта называе кавер-бэндам, сапраўды складаўся ў значнай ступені з ляпісаўскай спадчыны (чаго відавочна чакала беларуская публіка, якая была пазбаўленая магчымасці пачуць "Ляпіс Трубяцкі" на жыва цягам апошніх трох гадоў існавання гурта). Наведвальнікі канцэрта, якія здзівілі удзельнікаў гурта сваім узроставым складам (па прызнанні мэнаджара "Трубяцкога" Яўгена Калмыкова, ён чакаў убачыць у зале іх бацькоў) рэагавалі на любімыя песні радасным слэмам.

Аднак, як вядома, пасля непаразумення ў справе падзелу агульнай спадчыны з цяперашнім фронтмэнам Brutto Trubetskoy заявіў, што збіраецца пакінуць старыя песні ў мінулым замяніць іх прадуктамі уласнай арыгінальнай творчасці. У выніку, астатнюю частку праграмы вечара складалі кампазіцыі, створаныя гуртом ужо падчас вольнага плавання — песні з сінгла "Ёлкі", "Горад" на урбаністычную тэматыку і баладная "Я бальны бескрыдлаты паэт" на верш Максіма Багдановіча. У такім суседстве можна меркаваць, што цяпер Trubetskoy возьмецца граць больш артадаксальны рок-н-рол, адкінуўшы "ляпісаўскія" заляцанні з панкам.

Можна здагадацца, што, звыклая да стабільнасці айчынная публіка даволі нервова будзе ўспрымаць такія метамарфозы. Верагодна, што гэта разумеюць і "Трубяцкія", бо, каб здабыць і замацаваць прыхільнасць капрызных слухачоў, да шоў быў падрыхтаваны шэраг смачных сюрпрызаў.

Першым з іх стаў разагрэўны акустычны сэт ад Noize MC, які раптоўна з'явіўся на сцэне са словамі, што, маўляў, самае страшнае ў жыцці — перастаць здзіўляцца, чым сапраўды здзівіў тых, хто ведаў, што ў гэты момант у Івана Аляксеева акурат пачаўся сольны канцэрт у іншым мінскім клубе.

У якасці яшчэ аднаго падарунка Trubetskoy выпісаў з Масквы рэпера Лігалайза, з якім разам былі сыграныя сумесная песня "Гагарин" і "Ляпісаўская" "Собаки". І на салодкае "толькі для мінскага канцэрта" на сцэну выкацілася духавая секцыя, якая блішчучы меддзю, прымусіла шалець малодшае пакаленне тых, хто жадаў атрымаць порцыю настальгіі па былым агіт-панк-Ляпісе, і загучалі "Яблони", якія, у сваю чаргу, выбілі слязу ў старэйшага пакалення, якое памятае, ад чаго баліць "ранетае сэрца".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі