Іншая частка аўдыторыі — людзі, якія знаходзяцца ў акупацыі альбо тыя, каго гвалтоўна вывезлі ў Расію. Натуральна, яны не могуць пералічваць нам грошы. Ні нам, ні любой іншай украінскай арганізацыі, бо для іх гэта можа прывесці да крымінальнага пераследу. Мы не будзем падвяргаць нашу аўдыторыю такой рызыцы.
Вось так выглядае наша кам'юніці, якое магло б нам дапамагчы — але не можа дапамагчы.
У цэлым гэтае прыпыненне фінансавання паўплывае не толькі на медыясектар, але і на вялікую колькасць сектараў. Закрываюцца праекты дапамогі ветэранам, праекты, якія дапамагалі перамешчаным асобам.
Ёсць велізарная колькасць сфераў, якія могуць застацца без грошай: гэта датычыць і гуманітарнага размініравання, і аднаўлення крытычнай інфраструктуры, і медыцыны. І, баюся, калі гаворка зойдзе пра пераразмеркаванне рэсурсаў, медыя могуць стаць тым "костам", які адрэжуць першым.
А медыя ва Украіне — гэта яшчэ і важны інструмент пабудовы дэмакратыі. Ва Украіне праходзіла рэформа дэцэнтралізацыі, і было створана шмат медыя для лакальных супольнасцяў. Баюся, многія з іх не выжывуць.
А Расія будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб захаваць і ўзмацніць свой уплыў і на ўкраінскія працэсы. І я думаю, што не толькі на ўкраінскія, але і ўсходнееўрапейскія ў цэлым. Мы не можам дазволіць сабе пакінуць нашу аўдыторыю сам-насам з гэтай праблемай.
Сеўда Самедава, рэдактарка “Мейдан ТБ”: “Аліеў, мабыць, у захапленні”
Каротка. Прэзідэнт Азербайджана ўсімі сіламі спрабаваў знішчыць незалежныя медыя ў краіне, і дапамога прыйшла адкуль не чакалі.
— У Азербайджане былі прынятыя драконаўскія законы пра медыя, пра гранты і пра няўрадавыя арганізацыі. Гэта тры розныя законы, якія зрабілі практычна немагчымай і нашу працу, і дзейнасць праваабаронцаў і актывістаў на тэрыторыі краіны. Яны паставілі нас па-за законам.
Але мы працягвалі працаваць і заяўлялі, што гэтыя законы — незаконныя. І мы адмаўляемся іх выконваць. За апошні год арыштавалі пяцярых нашых журналістаў. Улады спрабавалі закрыць некалькі рэдакцый. Але мы працягвалі працаваць.
Офіс "Мейдан ТБ" знаходзіцца ў Берліне, і мы атрымлівалі стабільнае фінансаванне ад нашых партнёраў. Нам не трэба было расказваць пра сябе — нас ведалі і ведалі пра нашы трывалыя сувязі з аўдыторыяй.
Я ведала, што як бы кепска ні было ўсё ўнутры краіны са свабодай слова, з дэмакратыяй, з правамі чалавека, мы зможам працягваць сваю дзейнасць дзеля ўсіх гэтых каштоўнасцяў. Рызыкуючы сваёй свабодай, сваімі жыццямі і здароўем.
Бяда прыйшла адкуль не чакалі. Цяпер кісларод перакрываюць не толькі азербайджанскія ўлады, але і Вашынгтон.
Хтосьці з маіх калегаў сёння напісаў: Аліеў, відаць, цяпер у захапленні. Бо здарылася тое, чаго ён хацеў. Ён усімі спосабамі спрабаваў закрыць магчымасць для фінансавання СМІ ўнутры краіны.
І дабіўся таго, што ў краіне засталося няшмат тых, хто наважваецца займацца журналістыкай. Выбіраючы паміж свабодай і турмой, лагічна выбіраць свабоду.
Калі фінансаванне не адновіцца, я баюся думаць, чым гэта абернецца. Пра наша медыя ведаюць людзі ў рэгіёнах — і асабліва яно папулярнае ў рэгіёнах. Без лішняй сціпласці магу сказаць, што пра нас людзі ведаюць лепш, чым пра каго-небудзь.
Бо мы заўсёды звяртаемся да нашай аўдыторыі, у нас шмат рэгіянальных праектаў, нам многія пішуць. І нават пасля арышту нашых супрацоўнікаў людзі працягваюць пісаць нам скаргі на сацыяльныя праблемы. Бо мы асвятляем гэтыя праблемы — і многія з іх пасля гэтага праўда вырашаюцца.
На жаль, нягледзячы на сувязь аўдыторыі з намі, у Азербайджане людзі не разумеюць, што можна плаціць за інфармацыю, таму мы не разлічваем на данаты. Калі мы робім матэрыялы пра людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, нам удаецца хутка сабраць для іх нядрэнныя грошы. Але мы не можам сабраць іх для сябе.
З іншага боку, наша аўдыторыя — гэта менавіта сацыяльна ўразлівыя групы, людзі ў рэгіёнах, у вёсках. Зразумела, што гэта не самая плацежаздольная аўдыторыя. Таму не, на данаты мы не можам разлічваць.
Нас, незалежных медыя, да якіх людзі маглі звяртацца, і так было мала. А што будзе цяпер? Я не ведаю, ці зоймуць нішу праўрадавыя СМІ, бо даверу да іх як не было, так і няма. Але яны могуць застацца адзінымі ў инфополе.
Зебо Таджыбаева, сузаснавальніца выдання Your.tj: "Праз гэтае прыпыненне ў нас правальваецца ахова здароўя"
Каротка. Медыя — не самы пацярпелы сектар, бо журналісты навучыліся дыверсіфікаваць даходы. Але прыпыненне фінансавання ўдарыць па многіх сферах, уключаючы ахову здароўя.
— У Таджыкістане практычна няма медыя, якія б сядзелі выключна на грантавай дапамозе. Мы ўсе свае даходы дыверсіфікавалі, бо разумеем, што свет цяпер вельмі крохкі. Каб не аказацца ля разбітага карыта, трэба зарабляць на чымсьці яшчэ.
Наша медыя даўно паставіла перад сабой мэту адысці ад грантавай дапамогі. У тым ліку каб пазбегнуць пастаянных папрокаў: маўляў, вы працуеце па метадычцы, вы працуеце на гранты, вы працуеце на чужую краіну.
Мы кожны раз тлумачым, што гэта не так, што ніхто не ўмешваецца ў нашу рэдакцыйную палітыку. Тлумачым, што рэалізуем той ці іншы праект, бо хочам нешта змяніць у сябе ў краіне. Але гэтыя папрокі працягваюць гучаць. Цяпер у нас ёсць толькі адзін невялікі амерыканскі грант (і выплата гэтых грошай прыпыненая на 90 дзён).