Трыа Канстанціна Гарачага запісала дэбютнік "On the Bridge"

Трыа Канстанціна Гарачага запісала дэбютны альбом "On the Bridge". Сам Канстанцін характарызуе праект як "нямецка-беларуска-польскі": нямецкі, таму што ў запісе браў удзел бубнач Цімафей Бірукоў, які цяпер жыве ў Германіі, беларускі, бо трыа базуецца ў Беларусі, а польскі, таму што кружэлка пісалася ў Варшаве. Адсюль, дарэчы, і назва дыска: знакамітыя варшаўскія масты сталі сведкамі думак музыкаў, якія выліліся ў джазавы альбом, прычым, запісаны не патрэкава, а "пачкам", калі ўсе інструменты запісваюцца адначасова.


"Паколькі ўсе музыкі запісваліся адначасова, тут вельмі істотна было захаваць імгненнасць, за кошт якой адбываецца нараджэнне джазавай музыкі, стасункі паміж музыкамі, якія выконваюць гэтыя творы. То бок, галоўная ідэя альбома — не выкананне твораў, а менавіта фіксацыя агульнай ідэі", — тлумачыць Канстанцін Гарачы.


У альбом увайшла праграма, якая выконвалася трыа цягам апошняга года: аўтарскія кампазіцыі Гарачага і кавер на песню Боба Марлі. Канстанцін лічыць пласцінку першым у Беларусі джазавым альбомам, запісаным цалкам на жыва (музыкі справіліся за тры дні):


"Па стылістыцы гучання гэта менавіта джазавы альбом: тут ёсць клавішы, кантрабас, нават барабаны былі выкарыстаныя вінтажныя, нямецкія майстаравыя. То бок, падбор інструментаў, падыход да гучання, выканання больш арыентаваны на джаз, але не на класічны, а на так званы модэрн-джаз. Аднак гучанне альбома менавіта джазавае".


Прэзентацыя дэбютніка Трыа Канстанціна Гарачага "On the Bridge" адбудзецца ў хуткім часе на Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі