Трыа N.R.M.: Metallica на біс

“Мела мамка тры сыночкі”, “Тры чарапахі-2”, “На вуліцы маёй” — свой першы за тры гады сольнік у Мінску N.R.M. пачынаюць з баевікоў. Праграма, як і будучы альбом гурта, мае назву “Настальгія ці параноя”, і кожны прысутны можа сам паставіць “дыягназ” цяперашняму N.R.M.

“Зразумела, што ад настальгіі няма куды падзецца, але мусіць быць устаноўка, што проста на настальгіі трымацца немагчыма, — філасофствуе сааўтар тэкстаў N.R.M., музыка Глеб Галушка. — І, магчыма, у нейкі момант неабходна прыняць такую небяспеку, як параноя — як нейкі неабходны размент. Ёсць сітуацыі у якіх увогуле няма пазітыўнага выйсця. Тым не менш, для таго, каб проста нешта рабіць, неабходна пагадзіцца на небяспечнае рашэнне”.

“Небяспечнае рашэнне” музыкі прымаюць 2,5 гады таму, калі аб’яўляюць пра спыненне працы з фронтмэнам Лявонам Вольскім. За гэты час трыа піша новыя песні, аб’язджае з акустычнымі і паўакустычнымі канцэртамі ўсю Беларусь, выступае ў Польшчы, завязвае цесныя стасункі з польскім перформерам Паўлам Альтхамерам і апранае мінчукоў у залатыя касцюмы.

“З гуртом N.R.M. звязаныя самыя светлыя моманты майго юнацтва, — прызнаецца прыхільніца гурта. — Таму для мяне пачуць іх яшчэ раз у Мінску праз 3 гады — гэта вельмі здорава. І нягледзячы на тое, што кажуць, што без Вольскага яны не так гучаць, настальгія, параноя — гэта N.R.M. Піта Паўлава, за што яму і ўсім хлопцам вялікі дзякуй”.

Тры гады таму N.R.M. у поўным складзе выступалі у перапоўненым “Рэактары”. Сёння — у напаўзапоўненым “Гудвіне”. Граюць досыць гучна і нават агрэсіўна. Аднак гэта не перашкаджае адданай сотні прыхільнікаў Піта Паўлава і кампаніі адрывацца да стомы ў нагах.

“Я адчуваю задавальненне, бачачы сотню прыхільнікаў пад сцэнай, — запэўнівае Піт Паўлаў. — Усё правільна. То бок, мы маем тое, што маем. Людзі, якія раней стаялі, як я разумею, яны не вельмі любілі N.R.M. — яны любілі нешта іншае. Ну, і хай любяць нешта іншае. Тыя, хто любілі N.R.M., сёння атрымалі N.R.M. у поўным аб’ёме”.

Паміж “баевікамі” N.R.M. беражліва выконваюць новыя песні, напісаныя ўжо без Вольскага. Піт Паўлаў кажа, што ён “удзячны Богу за шанец напісаць шмат чоткіх песень”, бо з Лявонам гэтага б не атрымалася. Восенню музыкі плануюць выдаць ужо год таму абяцаны альбом. А да гэтага зняць кліп — каб завабіць усё ж больш публікі на прэзентацыю.

“Я лічу, што гэты N.R.M. не маленькі і не кампактны, — пераконвае сын Піта Паўлава Ян-Вінцэнт. — Проста гэта пачатак. Да таго ж, ужо былі шматысячныя канцэрты. Як, напрыклад, падчас здымкаў кліпа “Прамень” быў вялізны канцэрт у Варшаве. У таго N.R.M. — гісторыя, а да гэтага пакуль ніхто не прывык. Трэба паглядзець, як пойдзе”.

Ян-Вінцэнт кажа, што N.R.M. — яго самы любімы гурт. І што яму б хацелася ў сваім жыцці дасягнуць славы бацькі. Юнак збіраецца стаць рэжысёрам і ўжо пачаў здымаць рэкламныя ролікі для N.R.M.

На дзіва, на біс N.R.M. выконваюць “Лэдзі Браўн” польскай каманды Myslovitz і “Nothing Else Matters” “Металікі”. 28 чэрвеня N.R.M. разам з палякамі Myslovitz выйдуць на сцэну вялікага музычнага форума Europejski Stadion Kultury у польскім Жэшуве, хэдлайнерам якога стануць Guano Apes.

Яраш Малішэўскі

Яшчэ фота ў нашых сацсетках: вК і FB.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі