"Тую самую" валанцёрку "Сумленных людзей" выключылі з выбарчай камісіі

Ганна Кажамяка / vk.com
Ганна Кажамяка / vk.com

8 жніўня валанцёрку "Сумленных людзей" Ганну Кажамяка выключылі з участковай выбарчай камісіі ў Наваполацку. Дзяўчына была адной з больш як дзвюх тысяч валанцёраў, якія спрабавалі атрымаць доступ да падліку галасоў. Кандыдатуру Кажамякі ўхваліў асабіста мэр Наваполацка. Але... 

— Людзей, якія падпісаліся за маё вылучэнне, угаворвалі напісаць адмову. Два чалавекі з 11 чалавек падпісалі, — распавядае Еўрарадыё Ганна Кажамяка. — Адна — нібыта не ведала, за што паставіла подпіс, другая думала, што подпісы збіраюць на рамонт пад'езда. Я ведаю гэтых людзей і ўчора пагутарыла з імі. На іх націснулі. Адна дзяўчына сказала, што яе нават выклікалі да дырэктара на працы па гэтым пытанні, але яна катэгарычна адмовілася пісаць адмову. Тыя, хто пакідаў за мяне подпіс, выразна ўсведамлялі, за што падпісваюцца. Я казала ўсім, што хачу сумленных выбараў.

На гэтай фармальнай падставе — маўляў, дзяўчына здала за сябе несапраўдныя подпісы, — яе і выключылі з выбарчай камісіі.

З першага дня працы на выбарчым участку Ганна заўважыла, што іншыя члены камісіі ставяцца да яе насцярожана. Вось, што дзяўчына распавяла Еўрарадыё 5 жніўня:

— Наколькі я ведаю, яны цікавіліся маёй персонай. Пры мне камісія выконвае ўсе правілы. Я ж усяляк паказваю, што прыйшла не з агрэсіяй, а з цікавасцю. Прыйшла даказаць, што ўсе працуюць сумленна і не фальсіфікуюць. Але мяне паставілі на датэрміновае галасаванне толькі на першы дзень на першую палову дня. Зразумела, што я мала што так магу ўбачыць.

На падлік галасоў 9 жніўня камісія ўсё ж вырашыла пакінуць толькі "надзейных" людзей.

"Ту самую" волонтёрку “Честных людей” исключили из участковой комиссии
У школе №2 Наваполацка знаходзіцца ўчастак, з якога выключылі Ганну / vitbichi.by

Акрамя ўсяго гэтага, старшыня камісіі напісаў на Ганну дакладную за "абыякавае стаўленне да выканання абавязкаў". Дзяўчына ж кажа, што прасілася працаваць у дадатковы час і ўсяляк прапаноўвала дапамогу камісіі.

— У выканкаме 8 жніўня раніцай галасаваннем адмянілі рашэнне аб маёй рэгістрацыі ў якасці сябра УВК. Мяне вінавацілі ў несумленнасці, нібыта я вымагала подпісы. Плюс згуляла ролю гэтая дакладная ад старшыні, — дадае Ганна, — Вядома, уся сітуацыя падобная на цырк. Але улічваючы ўсё, што зараз адбываецца ў краіне, такое рашэнне мне і маім блізкім нават здаецца лагічным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі