Tuzin.fm абвясціў прэтэндэнтаў на прэмію "Героі года"

Партал Tuzin.fm падвёў музычныя выніку года і агучыў шорт-ліст сваёй штогадовай прэміі "Героі году". Прэмія будзе ўручацца ў дзвюх намінацыях: "Адкрыццё года" і ўласна "Героі года".


"У выбары намінантаў як на "Адкрыццё года", так і "Героі года" мы карысталіся як аб'ектыўнымі, так і суб'ектыўнымі крытэрыямі, — кажа кіраўнік сайта Сяргей Будкін. — Натуральна, тут былі і нашы ўпадабанні, і наша асабістая прыязнь да пэўных выканаўцаў. Але, вядома, гэтыя эмоцыі мусілі падмацоўвацца справай, таму мы глядзелі, наколькі гурт актыўна канцэртаваў, выпускаў сінглы і альбомы, працаваў у студыі, заяўляў пра сябе ў інфармацыйнай прасторы, наколькі ў прынцыпе музыкі актыўныя, як асобы. Бо для нас героі — гэта не толькі тыя, хто можа прапанаваць арыгінальную музыку, а тыя, хто з'яўляецца самі па сабе цікавымі людзьмі, якія маюць сваё меркаванне наконт таго, што адбываецца наўкол".


За перамогу ў намінацыі "Адкрыццё" будуць змагацца 5 гуртоў і выканаўцаў: гурт Haina, .K, Сяргей Башлыкевіч, Віталь Варанко і гурт Bristeil. Прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі "Героі года" будуць Лявон Вольскі, Navi, Dzieciuki, Vuraj, Landau, Akute і "Ляпіс Трубяцкі".


Вялікі канцэрт "Героі года" пройдзе 12 снежня ў клубе "Піраты". Апроч пераможцаў, у намінацыях "Адкрыццё года" і "Героі года" Tuzin.fm назаве аўтараў найлепшай песні, кліпа і альбома сезона. У межах цырымоніі выступяць прэтэндэнты на перамогу ў галоўных намінацыях прэміі. Лайн-ап прэміі будзе абвешчаны 19 лістапада.


Кошт квіткоў ад 100 да 130 тысяч рублёў. Пасля 19 лістапада кошты на квіткі ўзрастуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі