У 2011 годзе дэвальвацыя непазбежная

Незалежны аналітык распавёў Еўрарадыё пра тое, чым Беларусь заплаціць за сярэдні заробак у 500 долараў, чым дэвальвацыя ў 2011-м будзе адрознівацца ад пачатку 2009-га, і якія яшчэ праблемы давядзецца вырашаць новаму прэзідэнту ў першыя ж тыдні пасля абрання. Сяргей Чалы: Апошні час, калі Беларусь неяк балансавала прыбытак і выдаткі, — першы квартал 2006 года. З тых часоў нашыя прыбыткі растуць павольней за бюджэт. Цяпер паглядзім на 2010 год. Ні вытворчасць, ні прыбытак прадпрыемстваў, з якога выплачваецца заробак, не выраслі. У бюджэце дзірка. Але тарыфная стаўка падвышаецца на 15% + 31% — амаль на 50%. Адкуль узяць грошы?

Еўрарадыё: Возьмем кітайскі крэдыт — 15 мільярдаў долараў. Хопіць усім.

Сяргей Чалы:
Кітайцы не дурні. Яны даюць крэдыты толькі пад звязаныя праекты. Гэта не грошы на падтрыманне штаноў. Расія нам, зразумела, нічога не пазычыць. Мы, відаць, ізноў звернемся да МВФ, але цягам года мы рабілі ўсё супраць іх рэкамендацыяў. А еўрабонды для нас — усё ж вельмі дарагія грошы.

Еўрарадыё:
Ну і якія тады ў нас варыянты?

Сяргей Чалы: А іх па пальцах адной рукі можна пералічыць. Узняць падаткі? Але ў нас і так у падатковай сферы ўсё вельмі жорстка, дастаткова паглядзець на рэйтынг Doing Business. Змяншаць выдаткі? Цалкам супярэчыць надзённай палітычнай неабходнасці. Мы спрабавалі гэта рабіць у першай палове 2009 года. А пад канец года спыніліся і адмовіліся ад гэтай мэты. Павялічваць знешнюю запазычанасць? Часткова выкарыстоўваецца, але гл. вышэй. Прыватызацыя? Амаль стаіць. Атрымліваецца, што іншай крыніцы, акрамя эмісійнага фінансавання, няма.

Еўрарадыё: Дык, можа, каб закрыць дзірку ў бюджэце, пасля выбараў тарыфную стаўку папросту панізіць да ранейшага ўзроўню?

Сяргей Чалы: Зніжэнне тарыфнай стаўкі першага разраду — рэч вельмі малаверагодная. Ёсць у эканоміцы такое азначэнне — “ліпкія” заробкі. Палітычна іх вельмі цяжка паніжаць менавіта ў намінальным выяўленні — па колькасці грошай, якія атрымліваюць людзі. Нашмат прасцей абмяжоўваць тэмпы росту. Адмяняць надбаўкі. І, натуральна, у рэальным выражэнні (напрыклад, у пераліку на малако і хлеб) заробкі памяншаюцца самі сабой пад уплывам інфляцыі.

Еўрарадыё: Значыць, ізноў будзем друкаваць грошы?

Сяргей Чалы: Так. Але і тут ужо не ўсё так проста. Людзі пачынаюць разумець, што гэта не заробленыя грошы. Што іх няма адкуль узяць, што гэта намаляваныя грошы, якія ім выдадуць на рукі. Людзі нашыя ўжо спрактыкаваныя, яны перажылі некалькі крызісаў і, нарэшце, разумеюць, што такое інфляцыя і адкуль яна бярэцца. Разумеюць, што не бывае такога, каб надрукавалі і раздалі табе паперкі, і ты праз гэта зрабіўся багацейшы… Тры-чатыры месяцы — гэта той часовы лаг, праз які павышэнне тарыфнай стаўкі з’есць інфляцыя.

Мы паўтараем тое, што прывяло нас да студзеня 2009 года. Толькі хутчэй

Сяргей Чалы: У нашай эканоміцы шмат міфаў. Напрыклад, чамусьці ўсе называюць яе экспартна арыентаванай. А яна ніякая не экспартна арыентаваная! Бо ў такой эканоміцы ўнутраны попыт ахвяруецца на карысць знешняга. Курс нацыянальнай валюты штучна заніжаецца, каб экспарт у замежнай валюце быў таннейшы. І гэта фактычна азначала б свядомае паніжэнне ўнутранага попыту праз аслабленне пакупніцкай здольнасці нашага рубля. Гэта тое, што ўвесь час робіць Кітай. На яго з усіх бакоў ціснуць, каб ён павышаў курс юаня. А ён ні ў якую…

А ў нас усё наадварот! Уся эканамічная палітыка з 2001 года, калі ўпершыню была пастаўленая мэта на павышэнне сярэдняга заробку, працуе на рост ўнутранага попыту. І ў пэўны час нашага экспарту перастала хапаць на тое, каб аплачваць унутраны попыт. Так што мы не экспартна арыентаваная краіна, а імпартазалежная.

Еўрарадыё: Гэта ізноў пра знешнегандлёвае сальда? Тое, што цяпер адбываецца ў нашай эканоміцы, — з’ява для нас не новая?

Сяргей Чалы:
Мы паўтараем тое, што прывяло нас да студзеня 2009 года, толькі хутчэй. “Разганяем” унутраны попыт, зафіксавалі курс рубля і маем высокую ўнутраную інфляцыю. Унутраныя кошты ў рублях растуць, і гэта азначае, што экспартныя кошты ў замежнай валюце таксама растуць. Розніца паміж унутранай і знешняй інфляцыяй, на якую не рэагуе курс рубля, стварае патэнцыял яго пераацэнкі. Пераацэнкі рэальнага курсу, а не намінальнага! Фактычна гэта азначае назапашванне дэвальвацыйнага патэнцыялу.

Калі б у нас быў рынкавы курс, не фіксаваны, ён бы натуральным чынам карэктаваўся на розніцу інфляцый. У нас яна 10%, а звонку амаль нулявая. Значыць, цягам года курс мусіў бы ўпасці на 10%.

Еўрарадыё: У студзені 2009 года мы кампенсавалі гэта дэвальвацыяй.

Сяргей Чалы: Але дэвальвацыя была недастатковай. За 2009 год адмоўнае сальда знешнегандлёвага балансу не змянілася. Яно захавалася такое ж, як было… Затое ў дэвальвацыі было шмат адмоўных наступстваў. Першае — валютная паніка. У доларавым эквіваленце велічыня дэпазітаў насельніцтва ўпала амаль на палову. Гэта шалёны адток унёскаў і адпаведна ціск на наяўную валюту. Каб збіць паніку, давялося, з аднаго боку, высока задраць працэнтныя стаўкі, каб дэпазіты ў нацыянальнай валюце зрабіліся больш прыцягальнымі. І, па-другое, зафіксаваць курс рубля. Трохвалютны кошык — гэта фактычна тое ж самае, што і простае ўтрыманне. Толькі выглядае па-іншаму.

Еўрарадыё: Чаму?

Сяргей Чалы: Таму што Нацбанк усё роўна прывязвае рубель да долара. У гэтым нескладана ўпэўніцца: заходзім на сайт Нацбанка і бачым, што курс долара вызначаны з дакладнасцю да рубля. А вось курсы астатніх валют — з некалькімі лічбамі пасля коскі. Яны вылічаюцца, а курс долара вызначаецца.

Мы зрабілі гэта, каб супакоіць людзей. Гэта мусілі быць разавыя рэчы. Як конская доза аспірыну, якую даюць хвораму, каб збіць тэмпературу. Але ўсё захавалася дагэтуль! Ды яшчэ пачаўся фэст шчодрасці пад назвай “Заробак у 500 долараў”.

Трэба было даць курсу рухацца ў тэмпе інфляцыі

Еўрарадыё: Дык што, у нас пераддэвальвацыйная сітуацыя?

Сяргей Чалы: Так, усё нагадвае канец 2008 года. З той розніцай, што на знешніх рынках цяпер крыху лягчэй, бо крызіс скончыўся. Няма падзення нашага экспарту, ёсць, наадварот, невялікі ўзнаўляльны рост.

Еўрарадыё: Як Беларусь магла пазбегнуць гэтай сітуацыі?

Сяргей Чалы: У нас было невялічкае вакно магчымасцяў. У сярэдзіне 2009 года ў людзей скончылася паніка. І тады трэба было даць курсу рухацца ў тэмпе інфляцыі, а яшчэ лепш — апераджальнымі тэмпамі. Фактычна праводзіць тую ж дэвальвацыю, але вельмі прадказальную і размазаную па часе. Такую, якая не выклікала б валютнай панікі.

Еўрарадыё: То бок, перайсці на рынкавы абменны курс?

Сяргей Чалы:
І тады, магчыма, ужо зараз людзі б да яго прызвычаіліся і больш спакойна глядзелі б на інфляцыю. У нас быў шанец перайсці з таргетавання курса на таргетаванне інфляцыі. Але мы ўсё зрабілі наадварот: захоўваем курс і стымулюем унутраны попыт. І зараз сітуацыя ўжо іншая: людзі ў снежні атрымаюць свае +31% да тарыфнай стаўкі і пабягуць у абменнікі, каб застрахавацца ад дэвальвацыі.

Еўрарадыё:
Хіба яны ўжо не там?

Сяргей Чалы: З лета 2010 года беларусы набываюць валюты больш, чым здаюць. Прычым у чэрвені яшчэ і рэкорд за год па колькасці набытай валюты паставілі. У ліпені — новы рэкорд. І гэта апошні месяц, па якім ёсць звесткі.

У выніку мы апынуліся ў сітуацыі, калі мы маем падвойны дэфіцыт: і ў бюджэце, і ў знешнегандлёвым балансе.

Нам давядзецца перажыць дзве дэвальвацыі

Еўрарадыё: Ужо можна пачынаць баяцца дэвальвацыі?

Сяргей Чалы: Рэзкая дэвальвацыя адбудзецца наўрад ці. Бо пасля давер да нацыянальнай валюты давядзецца вяртаць цягам доўгіх гадоў. Дэвальвацыя бывае розная. Тое самае паніжэнне курса цягам года пад уплывам інфляцыі — таксама дэвальвацыя, хаця яе так і не называюць. І калі не чакаць рэзкага скачку, няма і неабходнасці тэрмінова пераводзіць рублі ў долары. На гэтым не атрымаецца выйграць, бо курс будзе змяняцца павольна. А есці трэба кожны дзень, таму долары давядзецца мяняць назад на рублі.

Еўрарадыё: Тут, хутчэй, можна будзе прайграць на розніцы курсаў пакупкі і продажу.

Сяргей Чалы: Няхай і паступовая, дэвальвацыя праз курс зробіць экспарт больш прывабным, а імпарт больш дарагім. Гэта для нас не так ужо і добра, бо ў нас імпартаёмістая вытворчасць. Ёсць і іншая дэвальвацыя — унутраная. Абмежаванне бюджэтных выдаткаў і рэальных прыбыткаў насельніцтва. Тое, праз што без дэвальвацыі прайшла Прыбалтыка. Непапулярныя захады — але з пункту гледжання макраэканомікі гэтыя дэвальвацыі даюць адно і тое ж.

Па вялікім рахунку, нам давядзецца рабіць абедзве дэвальвацыі. Карацей, у новага прэзідэнта эканамічных праблем будзе вышэй за дах. Прычым вырашаць іх давядзецца амаль адразу.

Хто б ні выйграў выбары, усе будуць вымушаныя рабіць адно і тое ж

Еўрарадыё: Ці робіцца што-небудзь у гэтым кірунку ўжо зараз?

Сяргей Чалы: Наадварот! Да прэзідэнта прыходзіць Пётр Пракаповіч і кажа, што Нацбанк можа нават звузіць валютны калідор. Але трэба не заявы рабіць з серыі “Мы ніколі нічога не дапусцім”, бо такім абяцанням людзі не вераць. І зрыў у паніку ўзнікае як раз тады, калі людзі не вераць абяцанням трываласці. Нацбанк можа? Дык давайце праверым, ці сапраўды ён можа, — думаюць людзі.

Наадварот, трэба было б абвясціць, што рубель будзе падаць. Але падаць не выпадкова і незразумела калі, а прадказальна. І ў сітуацыі, калі курс плануецца панізіць, паралельна мусяць зрабіцца больш прывабнымі дэпазіты ў рублях.

Еўрарадыё: Маўляў, улады абвяшчаюць, што рубель патаннее. Але я ведаю, што калі я аднясу яго ў банк, я яго не згублю.

Сяргей Чалы: А паніка ўзнікае, калі не ведаеш, чаго чакаць і калі бухне па галаве. Вось калі людзі не вераць абяцанням цэнтральнага банка — яны ператвараюцца ў валютных спекулянтаў. А валютныя спекулянты, калі сумняваюцца ў тым, што цэнтрабанк “адкажа” за свае словы, займаюць пазіцыю супраць. Бягуць туды, дзе можна злавіць урад на невыкананні абавязку, напрыклад, утрымаць курс, які ўтрымаць немагчыма. У нашым выпадку гэта ўжо адбываецца — насельніцтва “перакладаецца” у долары.

Еўрарадыё:
У паветры вісіць яшчэ і пытанне па расійскім газе, які, відавочна, цяжкім грузам ляжа на бюджэт у наступным годзе.

Сяргей Чалы: Я не думаю, што газ істотна ўзрасце ў кошце. 250 долараў — гэта блеф. Няма адкуль узяцца такой лічбе. Наколькі я ведаю формулу, якую маляваў “Газпрам”, там знікае зніжка ў 10%. Кошты на газ стабільныя. Таму да 195 долараў, якія мы плацім за 1000 кубаметраў газа ў трэцім квартале 2010 года, можна дадаваць 10% — і вось, гэта будзе новы кошт.

Еўрарадыё: Хаця б хто-небудзь з меркаваных кандыдатаў разумее ўсе гэтыя праблемы?

Сяргей Чалы: Ні ў каго ў праграмах я гэтага не бачыў. Ні ў кандыдата №1, ні ў кандыдатаў №№2-17. Там усё больш пра новыя працоўныя месцы. Але анекдот у тым, што хто б ні выйграў выбары, усе будуць вымушаныя рабіць адно і тое ж! І захады гэтыя будуць даволі балючыя. Такі будзе кошт года з леташніх кастрычніка-лістапада па сёлетнія кастрычнік-лістапад, які мы папросту пра###лі. Вырашылі, што ўжо здаровыя, спынілі ўсе рэформы і пакрочылі наперад бадзёрай хадой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі