У 2022 годзе санкцыі наўпрост уплывалі на чвэрць эканомікі — Снапкоў
Наўпроставы ўдар санкцый перажывала летась чвэрць эканомікі РБ / Shutterstock
У 2022 годзе санкцыі наўпрост аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі. Пра гэта першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў заявіў на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
"Санкцыі наўпрост аказвалі ўплыў на чвэрць эканомікі, ускосна — пранізвалі ўсе астатнія галіны. Сітуацыя патрабавала неадкладных, неардынарных, а дзесьці і рызыкоўных рашэнняў", — перадае БЕЛТА словы Снапкова.
Чыноўнік заявіў, што ўрад дзейнічаў у рэжыме штаба.
"У выніку, нягледзячы на першапачатковыя ацэнкі эфекту санкцыйнага ўдару для эканомікі на ўзроўні мінус 20%, фактычна ВУП скараціўся ў 2022 годзе на 4,7%. А ў бягучым годзе тэмпы росту ВУП аднаўляюцца. За чатыры месяцы — 99,4% да ўзроўню мінулага года. У сакавіку ўжо выйшлі на прырост у 0,8%, у красавіку — 3,8%", — адрапартаваў першы віцэ-прэм'ер.
Па звестках Белстата, за першы квартал 2023 года ВУП Беларусі знізіўся на 2,1%. Найбольшае падзенне ВУП было зафіксаванае ў першыя два месяцы года — на 3,6%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.