У Асвеі хочуць прадаць на мяса коней адзінай беларускай нацыянальнай пароды

Беларускія запражныя коні

Беларускія запражныя коні / Інстаграм-акаўнт конна-спартыўнага клуба "Табун"

У Асвеі Верхнядзвінскага раёна саўгас хоча прадаць табун на мяса. Там ёсць і беларускія запражныя коні — гэта адзіная нацыянальная парода Беларусі, якую выводзілі не адно дзесяцігоддзе, піша "Наша Ніва".

Трывогу з гэтай нагоды забілі супрацоўнікі пракату коней у Асвеі. Яны шукаюць тых, хто захацеў бы выратаваць жывёл ад немінучай гібелі на мясакамбінаце. Яны кажуць, што абмяркоўвалі праблему з былым дырэктарам саўгаса, які вельмі перажывае: "Гэта было яго стварэнне, любоў… Але няма падтрымкі ад кіраўніцтва".

Прадстаўнікі конна-спартыўнага клуба "Табун, якія наведалі Асвею, пацвердзілі складаную сітуацыю: "Коней прадаюць. Усім, хто прыязджае. Сёння забралі ўсіх ізабэлавых кабылак 2023 года і пакінулі на бронь старэйшых ізабэлак".

Па іх словах, у гаспадарку звярнуся аптовы пакупнік, які хоча купіць усё пагалоўе на мяса. І кіраўніцтва гаспадаркі гэтым задаволенае: "Пачаліся гульні ў цэны: маўляў, маладняк 2023 года па 5,5 рубля за кілаграм, за старэйшых спачатку называлі цану па 8 рублёў, потым па 6,6. Вельмі брыдкая сітуацыя, улічваючы, што кошт быў абвешчаны за ўсіх аднолькавы".

Беларускі запражны конь паходзіць ад дзікага продка — ляснога тарпана і належыць да парод паўночнага ляснога тыпу. У выніку шматгадовай народнай селекцыі і скрыжавання жарабцоў заводскіх парод з абарыгенамі ляснога тыпу да канца XIX стагоддзя сфармаваўся новы тып беларускага запражнага каня. Да 1941 года гэая папуляцыя называлася ашмянскі конь, а з 1946-га — беларускі запражны. У 1928-1930 гг. беларускіх (ашмянскіх) коней экспартавалі ў Германію, Аўстрыю, Літву, Польшчу і высока цанілі на рынку.

Парода амаль знікла ў часы Другой сусветнай вайны. На яе аднаўленне спатрэбіўся даволі доўгі час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі