У аўтара запісу апошняй размовы экіпажа СУ-27 канфіскавалі радыёсканер

Калі б падобная сітуацыя здарылася ў Беларусі, то айчынным радыёаматарам таксама зацікавіліся б праваахоўныя органы Радыёаматар-кароткахвалёвік з польскага Радама, які запісаў і выклаў у Інтэрнэце апошнюю размову беларускіх пілотаў СУ-27 з дыспетчарамі, дапытаны следчымі вайсковай пракуратуры. Калі дзеянні дапытанага будуць кваліфікаваныя як правапарушэнне, радыёаматару пагражае да двух гадоў зняволення.

Як паведаміў Еўрарадыё намеснік вайсковага акруговага пракурора ў Варшаве Ірэнеюш Шэляг, радыёсканер, з дапамогай якога быў здзейснены запіс размоваў, быў канфіскаваны, а яго гаспадар дапытаны ў якасці сведкі. Радыёаматар прызнаў, што ён сапраўды запісаў і выклаў у Інтэрнэце перамовы пілотаў з дыспетчарамі, пасля чаго быў адпушчаны.

Ірэнеюш Шэляг: “Чаму ў якасці сведкі? Ды таму, што затрыманы з’яўляецца асобай цывільнай. І вайсковая пракуратура не мае паўнамоцтваў ані абвінавачваць, ані судзіць яго. У сувязі з тым, што мы вызначылі, што ён здзейсніў акрэслены ўчынак і што ён з’яўляецца асобай цывільнай, то матэрыялы гэтай справы будуць перададзеныя ў грамадзянскую пракуратуру. І толькі тамтэйшы пракурор будзе вызначаць, ці здзейсніў гэты чалавек злачынства, ці не”.

Следчыя грамадзянскай пракуратуры, запэўнівае Ірэнеюш Шэляг, атрымаюць ад сваіх калегаў усе матэрыялы напачатку наступнага тыдня, найпазней — у сераду.

У выпадку, калі будзе даведзена, што жыхар Радама здзейсніў праслухоўванне і пазнейшую публікацыю інфармацыі, адрасаванай іншым асобам, яму пагражае да двух гадоў турэмнага зняволення. Менавіта гэтага патрабуе артыкул 267 Крымінальнага кодэксу Польшчы.

Дарэчы, калі б падобная сітуацыя здарылася ў Беларусі, то айчынным радыёаматарам таксама зацікавіліся б праваахоўныя органы. Юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла бачыць для гэтага ўсе падставы.

Гары Паганяйла:
“Вядома, забарончых мер у Беларусі шмат і свабода нашая вельмі абмежаваная. Але тут дзейнічае правіла: ты свабодны ва ўсім, пакуль ты не парушаеш правы іншых. Нашыя правы абмяжоўваюцца там і настолькі, дзе мы парушаем правы іншых асобаў. Калі я выкладваю чыесьці перамовы, якія да мяне аніякага дачынення не маюць, то я заступаю на поле чужых інтарэсаў, чужых правоў, чужых свабодаў”.

З калегам катэгарычна нязгодны юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Ён лічыць, што вельмі важна размяжоўваць інфармацыю, якая ўяўляе з сябе таямніцу, і інфармацыю, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе. Набыць абсталяванне, якім быў здзейснены запіс, няма аніякіх цяжкасцяў. А перамовы пілотаў з дыспетчарамі адбываліся ў адкрытым эфіры і былі дасяжныя кожнаму ўладальніку падобных радыёсканераў. Таму юрыст БАЖ бачыць у гісторыі з жыхаром Радама спробу арганізатараў тамтэйшага авіяшоў знайсці “ахвярнага казла”.

Андрэй Бастунец: “Калі могуць прэтэнзіі да кагосьці прад’яўляцца, то, у першую чаргу, да тых, хто не прыняў мераў для таго, каб інфармацыя — калі яна мае нейкі там камерцыйны ці іншы кошт — не была ў адкрытым доступе. Тое, што адбылося ў Польшчы, з’явілася прадметам вялікай грамадскай цікавасці. І, на мой погляд, тое, што гэтая інфармацыя была надрукаваная — гэта быў такі крок, які цалкам выкліканы менавіта гэтай вось грамадскай цікавасцю да сапраўды значнай і трагічнай падзеі. Спробы прыцягнуць да адказнасці за распаўсюд інфармацыі, якую, па-першае, чакае грамадства і, па-другое, якая знаходзілася ў адкрытым доступе, сапраўды падобна на спробу знайсці вінаватага”.



Фота — Poland Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі