У Бабруйску ўзарвалі вінны склад XIX стагоддзя
Вінны склад "Супольнасці вінаградараў " 1897 года пабудовы / komkur.info
У Бабруйску пры дапамозе выбуху знеслі апошнія два карпусы Бабруйскага завода вінаградных напояў. Гэтыя два карпусы — гэта былі пабудовы канца XIX стагоддзя. Прычым адна з іх — мясцовая славутасць, стары вінны склад з трубой і лацінскім надпісам Vinitus Unitis на фасадзе, што значыць "Супольнасць вінаградараў". Пра гэта распавядае бабруйскае выданне "Камерцыйны кур'ер".
Апошнім уласнікам будынкаў быў Бабруйскі завод вінаградных напояў, але ён спыніў сваю працу амаль 20 гадоў таму. Знайсці інвестараў не атрымлівалася. У выніку сёлета тэрыторыю прадпрыемства плошчай 2,6 гектара сталі чысціць. Да апошняга адносна цэлымі заставаліся два будынкі з XIX стагоддзя. Але і іх вырашылі знесці. Што будзе на пляцоўцы вінзавода, журналістам высветліць пакуль не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.