У Баранавічах асудзілі дырэктара завода, які спрабаваў змыць хабар у прыбіральні
1 лістапада суд у Баранавічах вынес прыуд па справе аб атрыманні хабару ў буйным памеры. Падсуднымі блі экс-кіраўнік мясцовага завода і начальнік бюро камерцыйнага аддзела прадпрыемства. Як піша intex-press.by, ніхто з іх не прызнаў сябе вінаватым.
Карупцыйны скандал здарыўся ўвесну 2021 года. 1 сакавіка дырэктара Баранавіцкага станкабудаўнічага завода (філіял ЗАТ "Атлант") і начальніка бюро камерцыйнага аддзела злавілі з доказамі злачынства падчас атрымання хабару ад прадстаўніка чалябінскай фірмы.
Дарэчы, дырэктар завода зачыніўся ад міліцыянтаў у прыбіральні і спрабаваў змыць грошы ва ўнітаз. Праўда, пазбавіцца ад хабару яму так і не ўдалося.
Следства заявіла, што хабар кіраўнікі прадпрыемства атрымлівалі рэгулярна. Агульная сума — 13,7 мільёна расійскіх рублёў, або каля 470 тысяч беларускіх.
Экс-дырэктар завода на судзе заявіў, што стаў... ахвярай правакацыі, якую ўчыніў чалябінскі пасярэднік. "Я чакаў ад яго ахвяраванняў на будаўніцтва храма, пра якія мы дамаўляліся загадзя", — заявіў мужчына ў сваім апошнім слове. Ён дадаў, што нават не ведае, колькі грошай яму далі, бо "няправільна глядзець на ахвяраванні".
Былы кіраўнік бюро камерцыйнага аддзела завода паведаміў, што не атрымліваў хабар, а пазычыў грошы на помнік. "Я пазычыў гэтыя грошы ў пасярэдніка на помнік, бо я як адзіны сын і мужчына ў сям'і палічыў сваім абавязкам сам яго замовіць", — сказаў ён.
Суд прызначыў экс-дырэктару 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 5000 базавых велічынь (145 тысяч рублёў). Яго падзельнік асуджаны на 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 3000 базавых велічынь (87 тысяч рублёў).
Акрамя таго, яны павінны кампенсаваць дзяржаве шкоду ў памеры сумы атрыманага хабару.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.