У Баранавічах затрымалі таксоўца з 4,35 праміле алкаголю
Баранавіцкія даішнікі затрымалі таксоўца з амаль рэкорднай дозай алкаголю. Здарэнне адбылося каля 22.15 12 сакавіка на вуліцы Прытыцкага, паведамляе прэс-служба ДАІ УУС Брэсцкага аблыканкама. Дзяжурны нарад ДАІ звярнуў увагу на таксоўку маркі "Рэно Меган". Аўтамабіль не толькі віляў па дарозе, але і раз-пораз наязджаў на бардзюр.
Праваахоўнікі спынілі аўто і зазірнулі ў салон. Па іх словах, яны ледзь далі веры сваім вачам: кіроўца быў у стане, блізкім да анабіёзу. Каб адчыніць дзверы і выйсці з аўтамабіля, 36-гадоваму мужчыну спатрэбілася дапамога даішнікаў.
Медагляд паказаў у яго крытычную канцэнтрацыю алкаголю — 4,35 праміле. Праваахоўнікі высвятляюць, ці знаходзіўся кіроўца ў гэты час на маршруце.