У БАТЭ — першае паражэнне, у "Партызана" — першая перамога

У нядзелю прайшлі матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Цэнтральны матч тура прайшоў у Барысаве, дзе сустракаліся БАТЭ і "Мінск". На 29-й хвіліне госці выйшлі наперад, гол забіў Андрэй Шаракоў (на здымку). Адзначым, што гэта першы гол, прапушчаны барысаўчанамі ў сёлетнім чэмпіянаце, і здарылася гэта аж у 14-м туры!
Аднак Шаракоў не супакоіўся і на 49-й хвіліне забівае другі гол — 2:0 на карысць гасцей! І толькі пасля гэтага БАТЭ здолеў забіць адзін гол — на 57-й хвіліне гэта зрабіў Павел Няхайчык. У выніку першае паражэнне чэмпіёна ды яшчэ на сваім полі — 1:2.

Мінскае "Дынама" перамагло гродзенскі "Нёман" — 1:0. Прычым, як паведамляе сайт football.by, адзіны гол быў забіты Сяргеем Кісляком на 5-й даданай арбітрам хвіліне.

"Дынама" (Брэст) і бабруйская "Белшына" згулялі ўнічыю — 1:1. Віталь Ланько на 85-й хвіліне вывеў гасцей наперад, але праз тры хвіліны Віктар Сокал аднавіў раўнавагу. Адзначым, што на 52-й хвіліне гульні Дзмітрый Шчагрыковіч з "Белшыны" не рэалізаваў пенальці.

Магілёўскае "Дняпро" перамагло наваполацкі "Нафтан" — 1:0. Адзіны гол запісаў на свой рахунак Уладзімір Юрчанка.

Салігорскі "Шахцёр" разграміў жодзінскае "Тарпеда" — 4:1 (Грэнькоў, 29, Дзенісевіч, 38, Рындзюк, 30, Рыяс, 74; Беганскі, 76).

Сталічны "Партызан" святкаваў сёння ў Віцебску першую перамогу ў чэмпіянаце. Госці перамаглі мясцовы "Віцебск" з лікам 1:0. Адзіны гол забіў на 58-й хвіліне Аляксандр Таўканіца.

У чэмпіянаце па-ранейшаму лідыруе БАТЭ з 31 ачком. У мінскага "Дынама" 29 ачкоў і другое месца. Крыўдзіцель барысаўчан "Мінск" на трэцім месцы з 26 ачкамі.

Наступны тур пройдзе 19 чэрвеня. БАТЭ згуляе ў Гродне з "Нёманам", мінскае "Дынама" ў Наваполацку з "Нафтанам", а "Мінск" на сваім полі прыме брэсцкае "Дынама".


Фота — football.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі