У Беларусь пагадзіліся вярнуцца не ўсе эвакуяваныя з Газы беларусы з сем'ямі

У салоне самалёта

У салоне самалёта / ont.by

На эвакуацыйным рэйсе "Белавія" прыляцелі не ўсе беларусы з сем'ямі, якія раней здолелі выбрацца з сектара Газа. На гэта звярнуў увагу рэсурс "МотолькоПомоги".

Boeing 737-800 прыляцеў у Мінск з Каіра напярэдадні позна ўвечары. "Белавія" публікуе фатаграфіі з салона самалёта, але не ўдакладняе, колькі пасажыраў было на борце. Паведамляе толькі, што "борт даставіў у Мінск беларусаў і членаў іх сем'яў, якія пажадалі пакінуць сектар Газа". Гэта тыя людзі, якія раней здолелі пакінуць небяспечны рэгіён праз памежны пераход "Рафах" на мяжы Егіпта з сектарам Газа. Паведамлялася, што сектар пакінулі 43 чалавекі — гэта беларусы і члены іх сем'яў.

Між тым аўтары рэсурсу "МотолькоПомоги" налічылі на фатаграфіі каля 25 бежанцаў. Пры гэтым вядома, што на борце былі 44 чалавекі. "Можна падумаць, што гэта роўна тыя 43, якія выбраліся з Газы ў Егіпет, але гэта не так. Рэальна ў самалёце прыляцела каля 25 — і бежанцаў, а ўсе астатнія — гэта прапагандысты, невядомы мужчына ў балаклаве, медыкі і псіхолагі з атрада МНС "ЗУБР", адзначаюць аўтары публікацыі. Гэта значыць, што каля паўтара дзясятка чалавек не захацелі вяртацца ў Беларусь. Рэсурс таксама адзначае, што "каб засняць выхад з самалёта, у эвакуяваных правялі пашпартны кантроль не ў агульным парадку ў будынку аэрапорта, а проста ў самалёце".

Яны таксама адзначаюць, што "Белавія" адправіла ў Каір той жа борт Boeing 737-800 (EW-544pa), які платна эвакуяваў людзей з Ізраіля. Для пасажыраў таго эвакуацыйнага рэйса квіткі каштавалі па $550. Гэтым разам кіраўнік "Белавія" паведаміў, што з Каіра людзей вывозілі бясплатна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі