У Беларусі ідзе "ціхая вайна" — Ціханоўская ў Еўрапарламенце

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце / прэс-служба Ціханоўскай

Еўрасаюз — гэта будучыня, да якой імкнуцца беларусы. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла 13 верасня ў сваім выступе ў Еўрапарламенце.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў падкрэсліла, што ў Беларусі таксама ідзе вайна, але ў адрозненне ад вайны ва Украіне, нашая вайна — ціхая.

"Мэта Крамля ў гэтай вайне такая ж, што і ва Украіне: ператварыць Беларусь у калонію Расіі. Пуціну ў гэтай справе дапамагае Лукашэнка — ён па частках прадае незалежнасць нашай краіны. Дапамажыце нам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Ён не заслуговае анічога, акрамя квітка ў адзін бок у Гаагу", — заявіла Ціханоўская.

Палітык назвала герояў гэтай "ціхай вайны". У іх ліку — настаўнікі, якія адмаўляюцца вучыць дзяцей "дзяржаўнай ідэалогіі", чыноўнікі, якія дзеляцца каштоўнай інфармацыяй, бізнесоўцы, якія цішком дапамагаюць сем'ям рэпрэсаваных. Згадала яна і пенсіянераў, "якія звярнуліся да мяне з просьбай "перадаць еўрапейцам, што мы не здамося".

Ціханоўская паведаміла, што беларускія дэмакратычныя сілы прынялі сумесную дэкларацыю, якая называе стратэгічнай мэтай уваходжанне Беларусі ў ЕС. "Ведаю, што гэта доўгі працэс і ён не будзе лёгкім. Аднак для нас няма зваротнага шляху. Еўрапейскі саюз — гэта будучыня, да якой мы імкнёмся і ў якой прагнем застацца назаўсёды", — падкрэсліла яна.

Яна заклікала еўрапарламентароў падтрымаць рэзалюцыю з прызнаннем еўрапейскіх памкненняў беларусаў, якую ўнёс Пятрас Аўштравічус. "Я прапаную вывесці адносіны паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапарламентам на новы узровень і інстытуцыяналізаваць нашу супрацу", — заявіла Ціханоўская.

Таксама яна заявіла, што прыйдзе ў кожны ўрад, каб дамагчыся прызнання новага беларускага пашпарта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі