У Беларусі ліквідавалі адразу два дзяржвыдавецтвы

Кніга, ілюстрацыйнае фота

Кніга, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Спынілі працу два дзяржаўныя выдавецтвы — "Вышэйшая школа" і "Народная асвета". Адпаведнае рашэнне было прынята яшчэ ў канцы сакавіка. На гэта звярнулі ўвагу аўтары агляду пра сітуацыю ў сферы літаратуры, які выпускае Беларуская рада культуры.

У аглядзе паведамляецца, што пра спыненне працы выдавецтвы абвясцілі ў сацыяльных сетках. Правапераемнікам выдавецтва "Народная асвета" выступіць выдавецтва "Адукацыя і выхаванне", заснаванае Міністэрствам адукацыі. Хутчэй за ўсё ў гэтае ж выдавецтва ўвальецца і "Вышэйшая школа".

У 2023 годзе абодва выдавецтвы забралі з падпарадкавання Мінінфармацыі і перадалі Мінадукацыі. Зроблена гэта было, верагодна, каб спрасціць запланаваны працэс зліцця.

Выдавецтва "Вышэйшая школа" было заснаванае ў 1961 годзе. Яно спецыялізавалася на навучальных, даведачных, вытворча-практычных, навуковых, навукова-папулярных кнігах.

Выдавецтва "Народная асвета" было ўтворана яшчэ ў 1951 годзе. Яно выпускала навучальныя дапаможнікі, метадычную літаратуру для настаўнікаў, літаратуру па пазакласным чытанні, мастацкую літаратуру, праграмна-метадычныя выданні, друкаваныя наглядныя дапаможнікі для школ, у тым ліку па-беларуску.

Дарэчы, гэта не першае закрыццё дзяржаўнага выдаветцва апошнім часам. У 2021 годзе выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" далучылі да выдавецтва "Беларусь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі