У Беларусі могуць узмацніць адказнасць за нелегальную здачу жылля
У Беларусі могуць з 2016 года ўзмацніць адказнасць за нелегальную здачу жылля ў наём. Пра гэта заявіла намеснік міністра па падатках і зборах Эла Селіцкая. Паводле яе слоў, пры выяўленні парушальніка з яго будуць спаганяць пяціразовую стаўку падаходнага падатку. "Гэта зроблена для таго, каб яшчэ раз папярэдзіць іх аб неабходнасці выканання сваіх падатковых абавязацельстваў у час", — адзначыла Селіцкая.
Калі ў выніку праверкі дэкларацый аб даходах і маёмасці ў фізічных асобаў выявіцца перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі, іх абкладуць падаходным падаткам па стаўцы 16%. Падаткавікі мяркуюць, што гэтыя людзі звычайна маюць даходы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. "А паколькі для індывідуальных прадпрымальнікаў у нас устаноўленая стаўка падаходнага падатку ў памеры 16%, то прапануецца зраўнаваць выяўленне такіх даходаў", — сказала намеснік міністра па падатках і зборах.
Эла Селіцкая распавяла і пра іншыя запланаваныя новаўвядзенні. Напрыклад, уводзіцца абмежаванне для ІП. Гранічны памер валавой выручкі, які дазваляе ім выкарыстоўваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, зніжаецца з 13,5 млрд да 1,5 млрд рублёў. Тлумачыцца яно тым, што былі факты, калі рахункі індывідуальных прадпрымальнікаў выкарыстоўваліся для розных незаконных схемаў па сыходу ад падаткаабкладання.
Таксама ўстанаўліваецца забарона на выкарыстанне УСН для плацельшчыкаў, якія займаюцца інтэрнэт-гандлем, выкарыстоўваюць інтэрнэт-пляцоўкі для змяшчэння рэкламы па продажы тавараў, працаў і паслугаў, інфармуе БЕЛТА.
Фота: Fotolia