У Беларусі пашырылі пералік забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропаў
У Беларусі пашырылі Рэспубліканскі пералік забароненых наркатычных сродкаў і псіхатропаў. У адпаведнасці з пастановай Міністэрства аховы здароўя (№ 10 ад 25 студзеня 2017 года), дзяржкантроль устанаўліваецца над абаротам 46 новых наркотыкаў. З іх 17 — наркатычныя сродкі, 26 — псіхатропныя рэчывы, 3 — прэкурсоры, якія выкарыстоўваюцца для вырабу асабліва небяспечных псіхатропаў.
Пастанова Міністэрства аховы здароўя ў чацвер была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. БЕЛТА адзначае, што з ініцыятывай выступіў Дзяржаўны камітэт судовых экспертызаў. Там кажуць, што забарона новых наркотыкаў зроблена на апярэджанне, яшчэ да iх выяўлення ў абароце на тэрыторыі Беларусі.