У Беларусі прапануюць павысіць ліміты на пасылкі з-за мяжы
У Беларусі прапануюць паступова павысіць ліміты на пасылкі з-за мяжы — да 200 еўра ў месяц да 2019 года. Пра гэта заявіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч, інфармуе партал tut.by.
Як вядома, ліміты на пасылкі з-за мяжы і ўвоз з замежжа тавараў былі ўведзены ў нашай краіне ў красавіку 2016 года. Такім чынам улады вырашылі спыніць значнае павелічэнне аб’ёмаў увозу тавараў у камерцыйных маштабах на адрас фізічных асоб, якія мытныя плацяжы не плацілі. Наркевіч кажа, што з моманту ўвядзення лімітаў на пасылкі “Белпошта” страціла вялікую суму грошай. “Мы ведалі, што адбудзецца пераразмеркаванне патокаў тавараў на тэрыторыю Расіі — паштовыя аддзяленні Бранскай і Смаленскай абласцей цяпер актыўна працуюць на Беларусь”, — кажа намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. З гэтай прычыны “Белпошта” актыўна выступае за вяртанне ранейшых лімітаў. Пытанне абмяркоўваюць чыноўнікі, у тым ліку супрацоўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Па словах Ірыны Наркевіч, прапануецца, каб “агульная сума пасылак у месяц не перавышала 200 еўра, а кошт адной застаўся на ўзроўні 22 еўра”. Атрымліваецца, што беларусы змогуць больш замаўляць за мяжой рэчаў і не плаціць мытнай пошліны, а ў “Белпошты” павысяцца прыбыткі.