У Беларусі выявілі "цанавую змову", праводзіцца расследаванне (відэа)
Цэны на мяса птушкі ў Беларусі выраслі практычна на траціну. А для гэтага не было ніякіх падставаў, таму праводзіцца антыманапольнае расследаванне. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" распавёў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец. Паводле яго слоў, "пры тых жа самых гандлёвых надбаўках вытворцы павялічылі цану і пры гэтым адмянілі зніжкі, якія раней даваліся". У выніку ў асобных гандлёвых аб'ектах цана мяса птушкі вырасла да 28%.
"Такі істотны рост цэнаў неабгрунтаваны, — адзначае Вежнавец. — Аб'ектыўных фактараў для такога росту цэнаў на бягучы момант няма. Курс стаіць на месцы, цэны на энерганосьбіты не растуць, іншых фактараў, якія так бы маглі паўплываць на цану, у вытворцы няма".
Намеснік міністра кажа, што цэны паднялі адначасова сем найбуйнейшых вытворцаў птушкі. Пасля гэтага "падцягнуліся за лідарамі" і дробныя вытворцы, якія паднялі цэны прыблізна да такога ж узроўню.
"Такое адначасовае павышэнне цэнаў без аб'ектыўных прычын мае ўсе прыкметы цэнавай змовы", — заявіў Іван Вежнавец. Паводле яго слоў, звычайна антыманапольнае расследаванне можа працягвацца да 3 месяцаў, аднак у дадзеным выпадку яго будуць праводзіць хутчэй. Калі факт парушэння пацвердзяць, найбуйнейшых вытворцаў птушкі чакае суд і штраф — да 10% ад гадавой выручкі.