У Беларусі выявілі схему паставак у Расію санкцыйных шампіньёнаў з ЕС
У Беларусі выявілі схему паставак у Расію санкцыйных шампіньёнаў з Еўрасаюза. Была спынена дзейнасць групы асобаў, распачатая крымінальная справа аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, інфармуе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю. Супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Мінскай вобласці і Мінску дзейнічалі сумесна з аператыўным падраздзяленнем памежнай службы.
Нелегальную схему арганізавалі грамадзяне Беларусі. Шампіньёны фурамі завозілі з Польшчы ў Беларусь. Адначасова з Літвы таксама фурамі завозілася віно еўрапейскіх вытворцаў, на якое не распаўсюджваюцца расійскія санкцыі. Шампіньёны загружалі ў фуры са згаданым віном, везлі ў Расійскую Федэрацыю, дзе іх прадавалі за наяўныя.
Зразумела, што падаткі за такія пастаўкі санкцыйнай прадукцыі ў Расію "бізнесмены" не плацілі. Паколькі шампіньёны ўвозіліся ў Беларусь з Польшчы легальна, былі зроблены фіктыўныя дакументы пра іх рэалізацыю беларускім ІП. Было падлічана, што страты дзяржаве нанесеныя на суму больш за 1,6 млн. рублёў. Крымінальную справу распачалі па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.