У Беларусі затрымалі ўласніка гандлёвай сеткі за нявыплату падаткаў
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю затрымалі ўласніка гандлёвай сеткі, у якую ўваходзілі крамы нізкіх цэнаў. Як адзначае прэс-служба ведамства, у сетцы — больш за 240 крамаў па ўсёй краіне.
Паведамляецца, што ўласнік з памочнікамі наладзілі ценявы канал паставак нізкаякаснай тэкстыльнай прадукцыі без выплаты падаткаў у бюджэт. Гэта дазволіла ім шматкроць завысіць цану тавараў у продажы праз крамы.
"За кошт нявыплаты падаткаў і рэалізацыі нізкаякаснай прадукцыі ўдзельнікі стваралі нядобрасумленную канкурэнцыю айчынным вытворцам тэкстыльнай прамысловасці. Пры гэтым тавары нізкіх якасці і коштавага дыяпазону выдаваліся ў крамах за якасную прадукцыю фабрычнай вытворчасці, тым самым уводзячы ў зман пакупнікоў", — заяўляюць у Дзяржкантролі.
Бізнэсоўцы зарэгістравалі дадаткова больш за 140 суб'ектаў гаспадарання са спрошчанай сістэмай падаткаабкладання. Гэта дазволіла ім не заплаціць падаткі падаткі на агульную суму больш за 5,6 мільёна рублёў.
Цяпер ідзе праверка па ўтойванні выручкі і выплаты работнікам заробкаў "у канверце".
Пад варту ўзялі 11 чалавек — уласніка гандлёвай сеткі і яго памочнікаў. На маёмасць падазраваных накладзены арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.