У Брэсце заклікаюць не святкаваць "пачатак Вялікай Айчыннай вайны"
Мясцовыя ўлады на 21 і 22 чэрвеня запланавалі ў горадзе шэраг забаўляльных мерапрыемстваў.
21 і 22 чэрвеня ў Брэсце пройдзе шэраг святочных мерапрыемстваў. Канцэрты, шэсці і тэатралізаваныя імпрэзы будуць прымеркаваныя да гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
З нагоды гэтага з заявай у сацыяльных сетках выступілі брэсцкія сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Яны не рэкамендуюць сваім прыхільнікам удзельнічаць у любых забаўляльных мерапрыемствах, звязаных з пачаткам вайны.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП(Грамада) Ігар Маслоўскі. Па словах актывіста, удзел у святочных акцыях у дзень смутку — гэта як мінімум непавага да сваёй трагічнай мінуўшчыны.
Маслоўскі: "З кожным годам такія тэндэнцыі праяўляюцца ўсё больш і больш. Самы парадаксальны выпадак быў у 2011-м годзе: у Брэсцкай крэпасці адбыўся святочны салют. Тагачасны дырэктар Брэсцкай крэпасці назваў яго тады "жалобным салютам", але такога паняцця проста не існуе!"
У якасці альтэрнатывы афіцыйнай праграме партыйцы прапануюць 22 чэрвеня проста ўскласці кветкі да магіл ахвяр вайны і да адпаведных помнікаў.
Фота з сацыяльных сетак