У Бярозаўскім раёне вяскоўцы пратэставалі супраць ліквідацыі свіней (фота)
На народны сход да сельсавета ў вёсцы Сялец прыйшлі каля 150 чалавек.
На ім прысутнічалі і мясцовыя чыноўнікі, у тым ліку намесніца старшыні Бярозаўскага райвыканкама Данута Гардзеева. Запрошаныя чыноўнікі з Брэста і работнікі пракуратуры раёна і вобласці запрашэнне праігнаравалі.
Людзі хацелі дамагчыся адмены рашэння Бярозаўскага райвыканкама аб ліквідацыі свіней да 15 жніўня з прыватных падворкаў у 17 вёсках, якія трапілі ў 5-кіламетровую зону каля невялікіх фермаў вёсак Сашыца і Хойнікі. Альбо дабіцца адтэрміноўкі рашэння для таго, каб мець магчымасць абскардзіць яго ў вышэйшых інстанцыях — у аблвыканкаме, пракуратуры і судах.
Як інфармуе сайт spring96.org, падтрымкі ў прысутных чыноўнікаў людзі не знайшлі. Тыя патрабавалі падпарадкавацца рашэнню, а потым ужо скардзіцца. Паабяцалі данесці да кіраўніцтва раёна патрабаванні, якія пазначаны і ў пратаколе сходу.
Людзі рашуча настроены абараняць сваю ўласнасць, бо для большасці свінагадоўля дапамагае выжыць пры пенсіі або заробку ў паўтары мільёны рублёў.
Фота — spring96.org