У цэнтры Алматы абстралялі паліцыянтаў (відэа)
У казахстанскім Алматы раніцай 18 ліпеня невядомыя пачалі страляць у раёне будынка раённага ўпраўлення міліцыі. Паводле розных звестак, перадае РБК, загінулі два паліцыянты і адзін цывільны.
У горадзе абвясцілі рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Праваахоўнікі заклікалі жыхароў Алматы не пакідаць дамы і пазбягаць месцаў з вялікай колькасцю людзей.
Паведамляецца, што акрамя Алмалінскага РУУС невядомыя абстралялі дэпартамент Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана (КНБ).
Паводле некаторых звестак, узброены мужчына перамяшчаецца па вуліцах горада і вядзе стральбу. Паліцыя мяркуе, што гэта прадстаўнік нетрадыцыйнай рэлігійнай плыні.
Таксама паведамляецца, што праваахоўнікам удалося затрымаць аднаго з нападнікаў.
Іншыя СМІ паведамляюць, што на чыгуначным вакзале Алматы спецыялісты шукаюць выбуховую прыладу.