У цэнтры Кіева зноў палаюць пакрышкі (жывая трансляцыя)
Трэцяя гадавіна Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве была адзначаная сутычкамі паміж мітынгоўцамі і праваахоўнікамі.
Паводле інфармацыі УНІАН, каля 20-й гадзіны (21-я паводле мінскага часу) на Майдане Незалежнасці сабралася прыблізна 1000 чалавек. Каля Стэлы Незалежнасці згуртаваліся людзі пад сцягамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і Народнага руху. Каля іх гучаць у запісе патрыятычныя песні, а таксама выступаюць актывісты.
Па другі бок Хрышчаціка выступае фальклорны калектыў, які выконвае народныя песні. У перапынку паміж песнямі гучаць выступы на палітычныя тэмы.
Частка мітынгоўцаў хацела пранесці на Майдан Незалежнасці шыны, але гэтаму перашкодзілі кардоны паліцыі. У выніку адбыліся сутычкі з праваахоўнікамі. Хтосьці з удзельнікаў мерапрыемства запаліў шыны пад Стэлай Незалежнасці, дзе праходзіць мітынг. Запаліць шыны на Майдане заклікаў лідар АУН Мікалай Каханоўскі. Пратэстоўцы хацелі прынесці падрыхтаваныя шыны з Еўрапейскай плошчы. Паліцыя затрымала некалькіх актывістаў.
Жывую трансляцыю з месца падзей вядзе "Радыё Свабода".