У дацэнта юрфака БДУ адабралі курс пасля каментарыяў да Канстытуцыі
Дацэнт кафедры канстытуцыйнага права Іван Пляхімовіч
Студэнты і выпускнікі юрыдычнага факультэта БДУ просяць рэктара ВНУ Андрэя Караля дапамагчы дацэнту Івану Пляхімовічу. Да 2016 года ён выкладаў канстытуцыйнае права, потым прадмет адабралі, а па факультэце папаўзлі чуткі, што выкладчыка хочуць звольніць. Юрфакаўцы лічаць, што на кафедры канстытуцыйнага права і факультэце ў цэлым Пляхімовіч "сутыкаецца з перашкодамі ў ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці".
Тэкст хутка распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках. Студэнты ставяць лайкі, робяць рэпосты, дапаўняючы партрэт Івана Пляхімовіча ўспамінамі аб працы з ім. Аднак з электроннага звароту і пастоў незразумела, з якімі перашкодамі сутыкаецца выкладчык і чым можа дапамагчы рэктар.
"Ужо два гады ёсць адчуванне, што ён знаходзіцца на мяжы звальнення"
"Іван Іванавіч — той выкладчык, з-за якога не шкада, што я паступіла на юрфак, — пачынае здалёк студэнтка чацвёртага курса N. — Ён вёў у нас на першым курсе канстытуцыйнае права. Вельмі любіць свой прадмет, але заўсёды кажа: "Канстытуцыйнае права вышэй за ўсё, але каханне вышэй за канстутыцыйнае права". Памятаю, як аднойчы чытаў нам на вуліцы вершы беларускіх паэтаў. Было бачна, што ён вельмі любіць родную мову, любіць нашу краіну, сваімі паводзінамі паказваў, што хоча, каб усё насамрэч тут стала лепш".
N. распавядае, што ў 2016 годзе Іван Пляхімовіч раптам перастаў весці канстытуцыйнае права, і ўсе студэнты спалохаліся, што той звольніўся. Потым аказалася, што з яго знялі нагрузку па асноўным прадмеце і прызначылі весці адміністрацыйна-дэліктнае права.
"Ужо два гады ёсць адчуванне, што ён знаходзіцца на мяжы звальнення, — кажа студэнтка. — Выкладчыкі пра Івана Іванавіча адклікаюцца негатыўна альбо проста маўчаць. У яго былі даволі спецыфічныя погляды, таму падтрымкі з боку калег не шмат".
"Паказвае, як у нашай краіне парушаецца наша ж ўласная Канстытуцыя"
У 2015 годзе Іван Пляхімовіч выдаў двухтомнік "Каментарый да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". N. перакананая:
"Усе праблемы пачаліся пасля з'яўлення гэтай кнігі. Дакладней, калі да кніг дабраліся непатрэбныя, так бы мовіць, людзі. Праблемы на факультэце з-за яго праўды.
Ён не збірае ніякіх груп, мітынгаў, не выказваецца супраць улады. Але ён паказвае, як у нашай краіне парушаецца наша ж ўласная Канстытуцыя. Прыводзіць розныя прыклады. Мы былі настолькі адданыя прадмету і выкладчыку, што без усялякіх, ведаеце, як звычайна бывае, прымусаў, купілі сабе яго кнігі. Быў адзін асобнік і ў бібліятэцы юрфака, але потым яго забраалі. Мы пыталіся ў дэканаце, чаму ў нашай бібліятэцы няма кнігі нашага выкладчыка — нам нічога не адказалі. Па-мойму, гэта не проста капрыз дэкана ці кагосьці з кафедры".
Версіяй пра тое, што праблемы пачаліся пасля выхаду двухтомніка, з Еўрарадыё дзеляцца і іншыя студэнты.
"Калі б тры гады таму з'явіўся такі электронны зварот, усе б вельмі здзівіліся, — кажа студэнт, які папрасіў не называць яго імя. — Івана Іванавіча лічылі вельмі строгім выкладчыкам. Многія студэнты сыходзілі на пераздачы. Па канстытуцыйным праве былі нізкія адзнакі. Наколькі мне вядома , падыход да ацэньвання стварыў спрэчную рэпутацыю. Калі я здаваў, такога ўжо не было. На маім курсе пераздавалі ўсяго тры-чатыры чалавекі.
Таксама на лекцыях ён дазваляў сабе спрэчныя меркаванні. Напрыклад, у нас у Канстытуцыі ёсць артыкул, дзе гаворыцца пра тое, што Беларусь з'яўляецца нейтральнай дзяржавай. У той жа час Беларусь з'яўляецца членам АДКБ. Можна ставіць пытанне: "А ці выконваецца Канстытуцыя ў такім выпадку?". Таксама за ўвесь час не было ні аднаго рашэння Канстытуцыйнага суда аб прызнанні якога-небудзь закона або акта неканстытуцыйным, ён не баяўся пра гэта казаць".
"Важна, каб у праблеме не ўгледзелі палітычны кантэкст"
Выпускнік юрфака, адвакат Алесь Лабаты скончыў БДУ сем гадоў таму. Строгі і прынцыповы Іван Пляхімовіч паставіў яму па канстытуцыйным праве 10 балаў — адзінаму на ўвесь курс.
"На жаль, аўтарства звароту мне не належыць, але калі б мне прапанавалі яго напісаць, ён быў бы такім жа, — кажа ён. — Чуткі даходзяць, што студэнтам рэкамендуюць не падпісвацца пад ім. Мне здаецца, важна, каб, пасля таго, як зварот перададуць рэктару, у праблеме не ўгледзелі палітычны падтэкст. Раней Іван Іванавіч працаваў на дзяржслужбе, быў намеснікам дырэктара, навуковым кансультантам Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце. Ён ведае Канстытуцыю ад і да, у чым няцяжка пераканацца, азнаёміўшыся з двухтомнікам. Аўтар прама піша пра тое, дзе законы не працуюць, а дзе, наадварот, працуюць. Усё лагічна і правільна. Ён сумленны як вучоны. Вядома, камусьці гэта магло не спадабацца".
Не ставіў адзнакі па званку — студэнты атрымлівалі тое, што заслугоўвалі
Алесь мяркуе, што праблема, хутчэй за ўсё, у цалкам магчымых асабістых крыўдах: "Іван Іванавіч, напрыклад, ніколі не ставіў адзнакі па званку, просьбе. Дапусцім, калі студэнт ідзе на чырвоны дыплом і яму трэба завысіць бал. Студэнты атрымлівалі тое, што заслугоўвалі. Ёсць людзі, якія з-за яго былі адлічаныя. Замежнікі, якія толкам не разумелі па-руску, казалі, што ён неаб'ектыўна ацэньвае іх веды. Я ведаю людзей, якія хадзілі да яго на пераздачы, злаваліся, але цяпер падпісваюцца пад зваротам, таму што гады мінаюць, і ты разумееш, што не адзнака была важная".
Алесь кажа, што добрых выкладчыкаў шмат, а Іван Пляхімовіч — круты.
"Ён заўсёды рабіў упор на практыку, даваў зразумець, што тлумачыць тэорыю не для таго, каб студэнты пазабаўляліся, а каб разумелі сутнасць працэсаў, падрабязна разбіраў са студэнтамі моманты, звязаныя са змяненнем Канстытуцыі, — працягвае выпускнік юрфака. — Вельмі прынцыпова ставіўся да таямніцы галасавання. Маладыя студэнты правакавалі, пыталіся: а ці законна, калі прымушаюць галасаваць датэрмінова, абяцаючы не засяліць у інтэрнат, калі не прагаласуеш? Ён адказваў: "З пункту гледжання Канстытуцыі — не". Ён не ацэньваў палітычную сітуацыю, проста казаў сумленна, як ёсць. А яшчэ ўмеў ў трох сказах перадаць сутнасць складаных матэрый канстытуцыйнага права.
Нават дапусціць не магу, што праблемы Івана Іванавіча звязаныя з яго методыкай выкладання або, дапусцім, нейкай зайздрасцю з боку калег. Хоць быў адзін выпадак, калі я вучыўся ў магістратуры. Ён даў нам дамашняе заданне напісаць, як можна удасканаліць юрыдычную адукацыю. Праверыўшы працы, прапанаваў аформіць гэта ў прапанову і падаць на вучоны савет. Я ўсім гэтым і займаўся, а потым адзін з выкладчыкаў казаў мне, маўляў, такое адчуванне, што ўсе прапановы ўзятыя з нейкай навуковай кнігі. Іх, дарэчы, так ніхто і не прыняў".
Чаму зварот з'явіўся толькі цяпер?
Двухтомнік Івана Пляхімовіча выйшаў у 2015 годзе, нагрузку па канстытуцыйным праве з яго знялі ў 2016-м. Чаму зварот з'явіўся толькі цяпер?
"Івану Іванавічу прапаноўвалі звольніцца раней, але ён не хоча. Год таму студэнты ўжо спрабавалі сабраць подпісы ў яго падтрымку, хадзілі па інтэрнаце. Мяркую, ім намякнулі, што могуць быць праблемы з засяленнем. Тыя, хто вучыўся ў дзяржаўных ВНУ, ведаюць, што такое бывае. Напэўна, зварот — спроба паўплываць на рэктара, калі ў Івана Іванавіча будзе заканчвацца кантракт, каб той задумаўся, які класны выкладчык працуе ў БДУ".
Еўрарадыё некалькі разоў паспрабавала звязацца з кіраўніцтвам кафедры канстытуцыйнага права. Лабарант паведаміла, што загадчык кафедры ў адпачынку. Што тычыцца перашкод, з якімі нібыта сутыкаецца на факультэце Іван Пляхімовіч, яна кажа: "Асабіста я не бачу нічога такога".
"Хто-небудзь з бацькоў мог паскардзіцца"
Дацэнт кафедры Тэорыі дзяржавы і права, кандыдат юрыдычных навук Аляксандр Піліпенка успамінае, што на двухтомнік Івана Пляхімовіча звярнуў увагу нейкі чыноўнік: "Як мне распавядалі, у сваёй працы Іван Іванавіч нагадаў, што інстытут прэзідэнцтва з пункту гледжання ўлады павінен выражацца праз народ. камусьці гэта не спадабалася, пачаліся праблемы. Але ў мяне ёсць куды больш радыкальныя артыкулы, якія таксама можна раздуць".
Калега Івана Пляхімовіча думае, што хто-небудзь з бацькоў студэнтаў мог паскардзіцца на тое, што выкладчык зацягвае з прыёмам залікаў і экзаменаў:
"Мог пытацца аднаго студэнта тры гадзіны і не паставіць адзнаку. Прадмет ён свой ведае выдатна, пытанняў няма. Ні адзін чалавек, які не разбіраецца ў Канстытуцыі, не напіша такую працу. Я не чуў, каб Івану Іванавічу не жадалі працягнуць кантракт. Думаю, яму проста цяжка, як любому чалавеку, калі забіраюць нешта роднае. А канстытуцыйнае права для яго родны прадмет. Што тычыцца чутак, то чуткі ў навуцы — гэта горш, чым Ватыкан і царква са сваімі інтрыгамі".
Дэкан юрфака: "Я не прымаю такіх рашэнняў"
"Я не бачыў ніякага звароту, — запэўнівае Еўрарадыё дэкан юрфака БДУ Сяргей Балашэнка. — У нас пра усіх выкладчыкаў студэнты адклікаюцца выдатна. А яшчэ любы студэнт можа зайсці да дэкана, загадчыка кафедры або выкладчыка і задаць пытанне. Да мяне ні адзін студэнт не звяртаўся , таму размова атрымліваецца беспрадметнай".
Чаму Іван Пляхімовіч больш не выкладае канстытуцыйнае права? Дрэнны выкладчык?
"Ні з чым падобным я не знаёмы, — кажа дэкан факультэта. — Спытайце ў яго самога. Нагрузка размяркоўваецца не дэканам і не рэктарам, а кафедрай — у залежнасці ад навучальнага працэсу. Безумоўна, заўсёды ўлічваецца і жаданне, і кваліфікацыя, і магчымасці. Гэта шараговае пытанне. Я сёння чытаю адзін курс, калі неабходна — заўтра іншы. Я павінен быць гатовы".
Ці збіраюцца звальняць Івана Пляхімовича?
"Я не прымаю падобных рашэнняў", — унікліва адказвае дэкан.
"Каб мець нядобразычліўцаў сярод начальнікаў, дастаткова сябраваць з праўдай"
Дацэнт ведае пра зварот ў рэктарат і больш за ўсё перажывае пра яго магчымыя наступствы.
“У маіх умовах можна і надзею губляць, і адчуваць недахоп натхнення. Калі прачытаў, на вачах ледзь не з'явіліся слёзы, — расказвае Еўрарадыё Іван Пляхімовіч. — Падумаў, што нездарма гэта было, ёсць, можа, нешта яшчэ і будзе, калі такое пішуць. Канстытуцыйнае права я не выкладаю ўжо два гады. Да гэтага вёў яго больш за дзесяць гадоў. Гэта прадмет, якому я вучыўся, абараняў дысертацыю, пісаў навуковыя працы. У мяне яго забралі, але прычын не патлумачылі.
Выпускнікі і студэнты вельмі цесна звязваюць мяне з маім прадметам. І калі я яго ўжо не вяду, разумеюць, што ўзаемаразумення на факультэце няма. Каб мець нядобразычліўцаў сярод начальнікаў, дастаткова сябраваць з праўдай. Вось і ўсё, калі коратка апісаць гэтую няпростую сітуацыю. Але трэба змагацца.
Адміністрацыйна-дэліктнае права, якое выкладаю цяпер, не мой профільны прадмет. Я не сыходжу з універсітэта, таму што атрымліваю задавальненне ад працы са студэнтамі. Заўсёды думаў пра тое, каб мае лекцыі былі карыснымі і натхнялі. Часам старыя знаёмыя пытаюцца, ці выкладаю я яшчэ ў БДУ. Калі кажу, што так, пачынаюць успамінаць прозвішчы кіраўнікоў. Я кажу, што працую не на іх, а на студэнтаў. Гэта яны мае наймальнікі”.
Еўрарадыё: Ці ёсць адчуванне, што вас выжываюць з факультэта?
"Так, я гэта адчуваю. Усё жыццё — барацьба, я не ў простых умовах заўсёды па жыцці, і, напэўна, так бывае з кожным чалавекам, у якога ёсць свая пазіцыя, свае прынцыпы, якія абараняеш, — працягвае Іван Пляхімовіч. — Цяпер сітуацыя ўскладнілася з факультэцкімі начальнікамі. Палітычных прычын для рознагалоссяў няма. Ва ўсякім выпадку, гэта далёка не на першым плане. Я на занятках больш думаю пра студэнтаў, чым пра пытанні дзяржавы. На факультэце, магчыма, хто-небудзь хацеў бы падаць праблему ў палітычнай афарбоўцы, але на самой справе, не. Гэта канфлікт чалавека, які хоча нешта рабіць, удасканальваць, мяняць у навучальным працэсе, і тымі, хто прывык доўга займаць сваю пасаду. Вось і ўсё. Хто з нас белы, а хто чорны — хай вырашаюць людзі".
Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 13.12