У Дняпры знайшлі заражаную рыбу. Вось як сябе засцерагчы
Рыба
Эпідэміёлагі папярэджваюць рыбакоў аб заражанай рыбе, якую вылавілі ў Дняпры. Папярэджанне размясцілі ў сваіх сацсетках супрацоўнікі Рэчыцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
"Ва ўзоры азёрна-рачной рыбы плоткі, вылаўленай на ўчастку ракі Днепр, выяўленыя жывыя лічынкі Opisthorchidae. Апістархоз — небяспечнае захворванне, бо часцей за ўсё закранае жыццёва важны орган — печань. Радзей — падстраўнікавую залозу. Менавіта туды пранікаюць лічынкі апісторхаў, калі вы з'елі заражаную рыбу. Лічынкі прымацоўваюцца да сценак жоўцевых пратокаў печані — і праз 3 месяцы вырастаюць да 1 см", — расказваюць эпідэміёлагі.
Калі не лячыцца, гэтыя лічынкі могуць жыць у арганізме 30 гадоў. Пры вялікай колькасці апісторхаў можа развіцца жаўтуха.
Як засцерагчы сябе? Вылаўленую рыбу трэба варыць ці смажыць дастаткова доўга — не менш за 20 хвілінаў. А вось ад вэнджання, салення і сушэння трэба адмовіцца — такой апрацоўкай лічынкі не забіць. Нават пасля трох тыдняў замарозкі ў лядоўні яны застаюцца жывымі і гінуць толькі пры вельмі нізкіх тэмпературах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.